Мархель Татьяна Григорьевна

  ТАЛЕНТ ШЧОДРЫ І НЕВЫЧАРПАЛЬНЫ…

 

Аўтапартрэт народнай артысткі…

 

19-га студзеня 2009г. ў артысткі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Таццяны Рыгораўны Мархель – юбілей. Сёлетні Дзень народзінаў стаў для актрысы круглай датай. Але з тых, хто яе ведае, ці бачыў на сцене, ці слухаў яе спевы, хто будзе думаць пра даты? Таму што Мархель – акцёрка па-за часам.  Яна проста жанчына, якая адчувае вельмі тонка і перадае на сцэне  асаблівасць беларускай жаноскасці. Якую б ролю ні іграла, драматургію якой бы краіны ні ўвасабляла – ўсё адно заўсёды адчуваецца, што яна размаўляе з тым, хто прыходзіць у тэатр у яе роднай краіне. І працуючы ў Тэатры беларускай драматургіі, яна размаўляе са сваімі гледачамі на роднай мове. Але так, што гэта бывае зразумела нават за мяжой: Таццяна Мархель неаднойчы атрымлівала ўзнагароды прэстыжных міжнародных фестываляў.

Яе паважаюць і любяць не толькі ў Тэатры беларускай драматургіі, на сцэне якога яна іграе з 1993 года. Дагэтуль Мархель працавала ў тэатрах Гродна, Магілёва, Віцебска. І заўсёды ўмела заставацца сама сабою, уносіць у кожную ролю, якія б задачы ні ставілі перад ёю рэжысёры. Ды і сёння для Таццяны Мархель, здаецца, няма творчых задач, якія яна не здолела б выканаць – ці то ў тэатры, ці то ў кіно, дзе створана больш за 20 роляў. Аднак такая простая, зразумелая і чалавечная яна, напэўна, таму, што шмат чаго перажыла ў жыцці. І не страціла жыццярадаснасці, не згубіла энергетыкі і захавала галоўнае: жаданне звяртацца да людзей, дарыць ім часцінку сваёй душы у тэатры, у кіно. І нават падчас канцэртаў ці творчых вечарын, дзе можна пачуць дзіўны голас Таццяны Мархель у дзіўных песнях, якія дасталіся ёй у спадчыну ад мамы, звычайнай вясковай жанчыны. Голас, які некалі крануў гледача ў фільме Турава “Людзі на балоце”, дзе сама актрыса не выконвала ролі, а толькі спявала. Спявала так, што адразу адчувалася ўся сутнасць беларускага характару, уся соль, боль ці быль нашай зямлі. Гэта трэба адчуваць…

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, Таццяна Рыгораўна Мархель, нарадзілася 19.01.1939 г. у в. Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Тут сярод маляўнічай прыроды прайшло яе дзяцінства, якое было нялёгкім. У тры гады Таццяна засталася без бацькі, які загінуў на фронце. Давялося ёй перажыць цяжкія гады нямецка-фашысцкай акупацыі і пасляваенную нястачу. Аднак нішто не магло спыніць жаданне вучыцца, а яно ў яе было вялікім. Спачатку закончыла сямігодку ў суседняй вёсцы Емяльянава, а потым сярэднюю школу ў пасёлку Усяж. Была кемлівай, да вучобы здольнай.

Потым была вучоба ў медвучылішчы №2 пры Мінскім медінстытуце, якое Т.Мархель закончыла ў 1957 г. з чырвоным дыпломам. Пасля некаторы час працавала медыцынскай сястрой на трактарным заводзе ў Мінску. У 1958 г. па парадзе маці Веры Кірылаўны, якой вельмі хацелася, каб дачка стала “доктаркай”, яна паступіла ў Мінскі медінстытут. Але правучылася ў ім толькі некалькі месяцаў. Не ляжала душа да прафсіі “доктаркі”. “Я зразумела тады, што не мая гэта справа. Мяне мучыла ранейшая мара стаць актрысай”, — успамінала потым Таццяна Рыгораўна. I вось яна студэнтка Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. «Мне здавалася тады, што я самы шчаслівы чалавек на свеце», — гаварыла Т.Мархель. Паступіўшы ў інстытут, доўгі час не магла раскрыцца, саромелася. А вучыцца было вельмі цікава. Па-руску гаварыла дрэнна, чым выдзялялася сярод гарадскіх дзяўчат, а яшчэ тым, што трымалася нясмела, не ўмела падаць сябе. Потым гэта прайшло.

У інстытуце ёй пашанцавала — яе педагогам стала народная артыстка БССР В.Галіна, якую і зараз Таццяна Рыгораўна ўспамінае з вялікай удзячнасцю. Пасля заканчэння інстытута (1963г.) працавала актрысай спачатку ў Гродзненскім, а потым у Магілёўскім драматычных тэатрах, а з 1970 г. звязала свой лёс з тэатрам імя Якуба Коласа ў Віцебску.

Шчодры і невычарпальны яе талент адметна праявіўся ў спектаклях тэатра імя Я.Коласа «Сымон-музыка», “На дарогах жыцця”, “Снежныя зімы”, “Амністыя”, “Вечар”, “Разгром”, “Прыніжаныя і зняважаныя”, “Не страляйце ў белых лебедзяў” і інш. Добрае валоданне акцёрскім майстэрствам, вялікім дарам пераўвасаблення, сцэнічнай культурай, ўменне зразумець сутнасць характараў герояў дапамаглі актрысе стварыць цікавыя і яркія, каларытныя і праўдзівыя вобразы ў спектаклях, што вылучаюцца глыбынёй чалавечых пачуццяў і аказваюць моцнае ўражанне на гледача, хвалююць яго, наводзяць на роздум.

Праявілася Таццяна Рыгораўна і як кінаактрыса. Так, яна здымалася ў кінафільмах “Подых навальніцы”, “Трэцяга не дадзена”, “Кантрольная па спецыяльнасці”, “Асабістыя рахункі”, “Радаўніца”, “Баравая трава”, “Людзі на балоце”, “Маці ўрагану”, “Плач перапёлкі”.

Актрысе ўласцівы творчая індывідуальнасць, яркая характарнасць. Сваю прафесію Таццяна Рыгораўна любіць, укладвае ў яе ўсю душу. Яна мае выразны голас. У многіх спектаклях і фільмах з’яўляецца выканаўцай беларускіх народных песень, якія спявае з вялікай душэўнай шчырасцю і пранікнёнасцю. Дарэчы, мала хто ведае, што запісала гэтыя песні Таццяна Рыгораўна ад сваёй маці Веры Кірылаўны, якая захавала ў сваёй памяці шмат старадаўніх беларускіх народных песень і вельмі хораша іх спявае. Так, у спектаклі “Сымон-музыка” Таццяна Рыгораўна праспявала беларускую народную песню “Жніво”, запісаную ёю ад маці.

 

У 1986 г. Беларускім тэлебачаннем быў створаны фільм-канцэрт Т.Мархель «Мацярынскі чуецца напеў”. У гэтым канцэрце прынялі ўдзел маці Вера Кірылаўна і дочкі Таццяны Рыгораўны — Юлія, Маша і Вера, Усе яны разам прыгожа праспявалі беларускія народныя песні “Ой хадзіла Машачка па садочку”, “Ой злавілі сівога лося ў гаросе”. Фільм гэты шмат разоў перадаваўся па тэлебачанні і спадабаўся гледачам. Увогуле, у беларускім фальклоры актрыса чэрпае многае для стварэння сваіх мастацкіх вобразаў.

На Фестывалі нацыянальнай драматургіі ў 2001 годзе ў Бабруйску, а затым у Бранску на фестывалі “Славянская тэатральная сустрэча” у 2002 годзе Таццяна Мархель атрымала Гран-пры за лепшае ўвасабленне жаночай ролі за вобраз вопернай спявачкі Інгрыд.

3 1991 г. Таццяна Рыгораўна жыве ў Мінску, працуе ў тэатры “Вольная сцэна”, здымаецца ў кіно, сустракаецца з кінагледачамі. У яе шмат творчых задум.

Актрыса двойчы была замужам, выгадавала трох дачок, даглядала разам з імі сваю маму, якая дажыла да 96 гадоў. Сумяшчаць прафісійнае творчае жыццё з сямейнымі клопатамі было нялёгка.

 

Неспадзяваная Мархель

Ёсць людзі, падобныя на люстэрка. Не крытыкуюць, не зайздросцяць, не выстаўляюць рэзкіх аценак, не стараюцца спадабацца, не імкнуцца адпавядаць чужым меркаванням пра сабе. І гэта зусім не абыякавасць да жыцця, а пэўная мера дасканальнасці, спроба існавання без унутранага і знешняга канфлікту. Адлюстраванне свету без супрацьстаяння, поўнае прыняцце ўсяго, што табе наканавана. Такія адносіны да рэчаіснасці звычайна выпрацоўваюцца пасля шматлікіх выпрабаванняў. Калі прайсці праз іх з годнасцю, у душы з’яўляецца на іншую чалавечную і жыццёвую прыступку. Здаецца, Таццяна Мархель менавіта з такіх “людзей-люстэрак”, у творчасці якіх можна пабачыць цэлы свет.

Дзякуючы сваім ужо хрэстаматыйным ролям у спектаклях Валерыя Мазынскага, Мікалая Пінігіна, Валерыя Анісенкі, Сяргея Кавальчыка, дзякуючы народным песням, якія яна дзівосна выконвае ў тэатры, кінафільмах і на канцэртах – Таццяна Рыгораўна для многіх аматараў сцэны даўно ўжо з’яўляецца непадманным увасабленнем беларускай душы. Гучыць, мабыць, даволі пафасна, але разам з  тым і праўдзіва. Бо ў той час, калі для большасці акцёраў ігра ў беларускім тэатры і на беларускай мове ўсяго толькі прафісійна-вымушаная наканаванасць, то для Таццяны Мархель – гэта жыццёвая неабходнасць.

“Я пражываю на сцэне чужыя жыцці””

На сцэне свайго тэатру Таццяна Рыгораўна з аднолькавай пераканаўчай лёгкасцю можа сыграць любыя ролі: ад опернай спявачкі (класічныя “Жанчыны Бергмана” М. Рудкоўскага), да гратэскна-апантанай фраў, што прагне спакусіць абата (нядаўняя прэм’ера “Хто пакахае мадам?” А. Шурпіна). З аднолькавай пераканаўчай лёгкасцю артыстка можа здзівіць, натхніць і зачараваць нават самага далёкага ад тэатру гледача. Адзінае чаго яна не ўмея – гэта выклікаць абыякавасць.

Роля Інгрыд у “Жанчынах Бергмана” Мікалая Рудкоўскага – вялікае дасягненне Таццяны Мархель. Унутраная напружанасць і абсалютная вера актрысы ў тое, што яна робіць, нараджаюць бачны драматызм. Роля без слоў – тут не схаваешся за міміку. Але рэжысёр папрасіў Таццяну Мархель напісаць свой тэкст і мысленна прамаўляць яго падчас дзеі. Увесь сэнс, усю гісторыю актрыса здолела данесці бязгучна. Прыродная арганічнасць Таццяны Мархель праявілася ў “Жанчынах Бергмана” моцна і разнастайна. Аповед пра спявачку, якая страціла голас, — аповед пра тое, што хаваецца за размовамі. Калі мы замаўкаем, сутнасць таго, што адбываецца, становіцца больш зразумелай.

Персанж Таццяны Рыгораўны Мархель з п’есы Дзіяны Балыкі “Белы анёл з чорнімі крыламі” ў пастаноўцы Венядзікта Растрыжэнкава зусім не адпавядае звычайным уявленням пра сталы ўзрост. Бабуля галоўнай гераіні Ніны – аматарка гараскопаў і заўзятарка ўсходніх адзінаборстваў. Калі Вольга прыходзіць да старой з просьбай дазволіць, каб у яе пажыла Ніна, становіцца зразумелай уся горыч існавання самотнай гераіні Таццяны Мархель. “Вы пра мяне ўспамінаеце толькі тады, калі вам нешта патрэбна”, — кажа Бабуля, але гэтыя словы ўвагі і ўнучка на бабуліны спробы нагадаць пра сябе: “Ніна, чаму ты нават не запытаешся, як маё здароўе?” Зрэшты, гэта не папрок, а сумная канстатацыя, рэфлексія на грамадскія норавы. Вось так гераіня Таццяны Мархель праходзіць праз выпрабаванне ўсеагульнай абыякавасцю.

Мадам дэ Лату Таццяны Мархель з “Хто палюбіць мадам?” Анатоля Шурпіна ў пастаноўцы Венядзікта Растрыжэнкава – персанаж рамантычны, летуценны і таксама адзінокі. Месца дзеяння ўмоўнае, гратэск дапамагае ўзаемадачыненням і існаванню персанажаў у сцэнічнай прасторы. Таццяна Марзель і Галіна Чарнабаева іграюць дзвюх сясцёр, удоў, якія жывуць разам так даўно, што абрыдлі адна адной. Акрамя іх у п’есе ёсць прагны да нажывы Абат і служанка Ліза, якая марыць пра лепшую будучыню. Спектакль насычаны атмасферай недалюбові, недаспачування. Удовы прагнуць мужчынскай увагі з боку Абата, прастадушная мадам дэ Лату наіўна верыць, што ён шчыра менавіта з ёю, сястра ж, фрау Герц, выбірае больш “канкрэтныя сродкі” – падманвае саперніцу і спакушае святара. Гераіня Таццяны Мархель пакутуе ад агульнай ілжывасці. Спроба атрымаць тое, чаго ў яе не было ў маладосці, аказваецца няўдалай, кахання не адбываецца, ілюзіі паступова знікаюць. І тады мадам дэ Лату адпускае служанку Лізу: “Бяжы з гэтага склепа, мо хоць ты будзеш шчасліва!”

Праз гратэскавасць характару актрыса тонка перадае датклівасць гераіні. Роля пабудавана на імправізацыі і вымагае той глыбіннай свабоды існавання на сцэне, якую, здаецца, Таццяна Мархель чэрпае са свайго ўласнага светаадчування, што дазваляе захапіць глядзельную залу без рэверансаў у бок публікі. З унутранай гармоніі вынікае свабода акцёрскай творчасці.

Яна можа заставацца сама сабой. Гэткае дарослае дзіця з чыстым успрыманнем свету, яком уне замінаюць досвед і складанае жыццё. Яна можа задаваць пытанні, на якія не адважыцца звычайны дарослы чалавек. І, канешне, усё “перацякае” ў творчасць, яе асаблівасць. Трэба мець вялікі талент і вялікую мужнасць, зберагаць сябе як асобу, бо заўсёды існуюць зайздроснікі, якія збіваюць чалавека з панталыку.

Таццяна Рыгораўна лічыць сябе шчаслівай жанчынай і не ўяўляе сваё жыццё без творчасці. Шчаслівая таму, што мае трох любімых дачок і такую прафесію, якая прымушае гледачоў думаць, радавацца і гараваць разам з яе героямі, любіць жыць і гэту землю, што дадзена нам лёсам. Таццяна Мархель велічная ў сваей прастаце. Яна – носьбіт мовы, носьбіт культуры, гэта вельмі важна сёння.