ЮДЭЛЕВІЧ МІХАСЬ

ЮДЭЛЕВІЧ МІХАСЬ

(20.04.1914 – 1941)

(Міхаіл Львовіч; псеўд.: Ю. Міхайлаў; крыпт.: Ю. М.). Нарадзіўся ў мяст. Смалявічы Мінскай губерніі (цяпер Мінскай вобласці). Паходзіў з сям’і саматужніка. Драматург, тэатральны крытык.

Сярэднюю школу скончыў у Мінску (1929), працаваў рабочым у гуце, акцёрам у Мінскім тэтры рабочай моладзі (1929–1931). У 1935 г. скончыў Дзяржаўны інстытут мастацтва ў Маскве. Потым вярнуўся ў Мінск, працаваў загадчыкам аддзела тэатра ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1935–1940), а таксама ва Упраўленні па справах мастацтва пры Саўнаркаме БССР. З 1940 г. у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у савецка-фінскай вайне.

Як драматург М. Юдэлевіч пачаў творчасць у 1929 г. (публікацыі яго п’ес не выяўлены). Адзін з аўтараў калектыўнай п’есы «Першы штандарт» (пастаўлена ў 1930, па іншых звестках – у 1929), аўтар п’есы «Зямля гарыць» (напісана ў 1932), якая ставілася на радыё. Зрабіў інсцэніроўку паводле рамана М. Астроўскага «Як гартавалася сталь» (пастаўлена ў 1937 г.). Гэты ж твор ён паклаў у аснову лібрэта оперы «Паўка Карчагін» (музыка П. Падкавырава), якая ставілася ў пасляваенны час на сцэне кансерваторыі як студэнцкі аматарскі спектакль.

У беларускім друку 30-х гг. М. Юдэлевіч быў вядомы пераважна як тэатральны крытык і аглядальнік. Друкаваў водгукі на тэатральныя пастаноўкі, артыкулы і рэцэнзіі на спектаклі і творы драматургіі. Падыходзіў да ацэнкі п’ес з агульнапрынятых на той час ідэйна-класавых пазіцый. Развіваў канцэпцыю росквіту сучаснай яму драматургіі, адзначаў прыход у яе вядомых пісьменнікаў. Драматургічная канцэпцыя М. Юдэлевіча спалучала ў сябе супярэчлівыя рысы, якія вынікалі з абсалютнай дэфармацыі эстэтычных ацэнак і творчай інтуіцыі ў той час.

Перакладаў творы беларускай драматургіі на рускую мову.