Гаўрыла Адрыянавіч Ціхаў – выдатны савецкі вучоны астраном, даследчы многіх складаных пытанняў па астраметрыі, спектрафотаметрыі, астрабатаніцы і інш.
Г.А. Ціхаў нарадзіўся 19 красавіка 1875 года ў Смалявічах у сям’і чыгуначніка. У 1893 годзе закончыў Сімферопальскую гімназію з залатым медалём, а потым у 1897 годзе – фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта з дыпломам першай ступені па спецыяльнасці астраномія.
Пасля, у 1898-1900 гадах, Г.А. Ціхаў павышаў свае веды за мяжой – у астрафізічнай абсерваторыі каля Парыжа і на фізіка-матэматычным факультэце Парыжскага ўніверсітэта. З 1902 года ён выкладаў матэматыку ў Маскоўскай мужчынскай гімназіі і Екацярынаслаўскім вышэйшым горным вучылішчы. У 1906-1941 гадах Гаўрыла Андрыянавіч працаваў у Пулкаўскай абсерваторыі, а потым у Акадэміі навук Казахскай ССР. У 1927 годзе Г.А. Ціхаў быў абраны членам-карэспандэнтам АН СССР, у 1946 годзе – ганаровым членам Амерыканскага астранамічнага таварыства і акадэмікам Акадэміі навук Казахскай ССР, а ў 1959 годзе – ганаровым акадэмікам АН БССР.
Пяру нашага земляка Г.А. Ціхава належыць больш за 150 навуковых прац. У 1950 – 1960 гадах у Алма-Аце выдадзены яго працы ў пяці тамах. Галоўныя кірункі даследаванняў вучонага – астраметрыя, астрафізіка, спектраметрыя, атмасферная оптыка і аэрафотаздымкі.
Г.А. Ціхаў з’яўляецца заснавальнікам савецкай астрабатанікі. За заслугі ў развіцці астранамічнай навукі Гаўрыла Адрыянавіч узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.
Памёр ён 25 студзеня 1960 года ў горадзе Алма-Ата.
Навуковыя працы па астрафізіцы, астраметрыі, атамнай оптыцы, аэрафотаздымцы, астрабатаніцы. Адкрыў эфект запазнення фаз у зацьменных зорак ў кароткахвалевай вобласці спектра (1908 г., эфект Ц. – Нордмана). Упершыню выкарыставаў у планетных назіраннях каляровыя святлафільтры, атрымаў першыя фатаграфіі Марса ў розных абласцях спектра (1909). Устанавіў (1914 г.), што зямля пры назіранні з космасу павінна мець блакітнаваты колер. Ацаніў колеравую тэмпературу сонечнай кароны (1936 г.). Сканструяваў шэраг фотаметрычных прыбораў. Выдаў каталогі колераў 17 874 зорак (1937г., 1951). Прэмія Парыжскай АН (1909). Яго іменем названы кратэры на Марсе і адваротным баку Месяца, астэроід.
Творы: Основные труды. Т. 1-5. – Алма – Ата, 1954 – 60; Шестьдесят лет у телескопа. – М., 1956.
Бібліяграфія:
- Акуліч, С. Наш славуты зямляк / С. Акуліч // Ленінскі заклік. – 1990. – 5 мая. – С. 3-4.
- Дулеба, Г. Вучоныя – нашы землякі / Г. Дулеба // Ленінскі заклік. – 1990. – 4 верасня. – С. 3.
- Еремеева, А. І. Выдающиеся астраномы мира: рекоменд. указ. – М., 1966.
- Суслов, А.К. Г.А. Тіхов, 1875 – 1960. – Л., 1980.
- Ціхаў Гаўрыіл Андрыянавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.17: / рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2003. – С. 126.