ГАВАРУШКА ЯФІМ МАКСІМАВІЧ
(15.10.1911 – 3.6.1992)
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў в. Востраў Рагачоўскага павета Магілёўскай губерніі (цяпер Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці) празаік, публіцыст.
Рана страціўшы бацькоў, выхоўваўся ў дзіцячым доме №5 г. Бабруйска. У 1935 г. скончыў Мінскі вышэйшы педагагічны інстытут. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Смалявічах.
Незаконна рэпрэсіраваны. Арыштаваны 9.12.1936 г., асуджаны 2.10.1937 г. на 6 гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў. Рэалібітаваны ў 1955 г. У зняволенні працаваў лесарубам, дзесятнікам, а пасля вызвалення – майстрам, інжынерам-таксатарам, настаўнікам, дырэктарам дзіцячага дома. Жыў у Смалявічах.
Апавяданні друкаваў у газетах «Піянер Беларусі», «Настаўніцкая газета», «Чырвоная змена», «Мінская праўда», у рускіх газетах «Лесная промышленность», «Северная правда» (г. Кастрама, публікацыі не выяўлены), часопісе «Советская Отчизна» (1992). Яго публіцыстычныя артыкулы змяшчаліся ў часопісах «Маладосць», «Беларусь», «Бярозка», «Нёман», калектыўным зборніку «Праўда гісторыі. Памяць і боль» (1991). Пісаў пра рэпрэсіі, вясковае жыццё. Надрукаваў некалькі артыкулаў пра жыццё і творчасць акадэміка І. Замоціна. Укладальнік кнігі «І.Замоцін «Творы» (1991). У апошнія гады жыцця працаваў над складаннем анталогіі рэпрэсіраваных паэтаў «Песня падуладных».