НІКАЛАЕЎ ГЕНАДЗЬ РЫГОРАВІЧ

НІКАЛАЕЎ ГЕНАДЗЬ РЫГОРАВІЧ

                      03.06.1941 г.

Нарадзіўся недалёка ад г. Выбарга на маленькай, прымежнай з Фінляндыяй, станцыі Нурмі ў сям’і кадравага вайскоўца. Ваеннае ліхалецце перанёс у нямецкай акупацыі на малой радзіме ў сям’і дзеда на Магілёўшчыне. Затым было пасляваеннае цяжкае галоднае дзяцінства, раннія юнацкія гады, запоўненыя нялёгкай працай у калгаснай рэальнасці.

У 1959 г., скончыўшы сярэднюю школу працоўнай моладзі ў г. Круглае Магілёўскай вобласці, з’ехаў у Казахстан, дзе на працягу шэрага гадоў сезонна працаваў горнапраходчыкам, радыёметрыстам-назіральнікам, буравым майстрам у геолага-разведачных партыях Ваўкавыскай экспедыцыі, якая спецыялізавалася на пошуку ўранавых радовішчаў.

З 1V курса Сяміпалацінскага геолагавыведнага тэхнікума быў закліканы на тэрміновую вайсковую службу, якую праходзіў у г. Калінінградзе (Кенігсбергу).

У пошуку свайго месца ў жыцці аб’ездзіў паў-Саюза. Быў плотнікам-бетоншчыкам у г. Крывы Рог в Украіне, праходчыкам тунэльнага атрада «Кіеўметрабуду», слесарам на заводзе ў г. Навачэркаску Растоўскай вобласці.

У 1968 г. звязаў свой лёс з працай у друку. Пачынаў журналісцкую дзейнасць малодшым літсупрацоўнікам «районки» у г. Круглае. Сумяшчаючы працу ў газеце з вучобай, у 1976 г. завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1982–1983 гг. рэдагаваў раённую газету ў г.Мсціславе Магілёўскай вобласці.

З 1983 г. стала жыве ў г. Смалявічы Мінскай вобласці.

Нястрымнае жаданне спазнаць новае выявілася цягай да падарожжаў па свету. Г. Нікалаеў пабываў у Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Польшчы, Румыніі, Турцыі, што знайшло потым адлюстраванне ў вершах.

Паэтычнай творчасцю займаецца з юнацкіх гадоў. Друкаваўся ў перыядычных выданнях Украіны і Беларусі, Першыя вершы былі апублікаваны ў крыварожскай гарадской газеце «Красный горняк». У 2010 г. выдаў зборнік «Дарога», куды ўвайшлі вершы розных гадоў. Нараўне з інтымнай лірыкай у зборніку прадстаўлены вершы, якія адлюстроўваюць філасофскі погляд аўтара на жыццё, у якіх пазначана яго грамадзянская пазіцыя. Піша як на рускай, так і на беларускай мовах.