У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча з 2 по 20 жніўня
праходзіць агляд літаратуры «Сябры і памяць» — да 105-годдзя з дня
нараджэння Янкі Брыля (1917-2006).
Літаратурны ландшафт ХХ стагоддзя немагчыма ўявіць без
прыкметнай здалёк постаці Янкі Брыля – сапраўднага волата, светлага,
мудрага, ўсмешлівага, дапытлівага і добразычлівага. З ім у нашу літаратуру
ўварваўся вялізны натоўп людскіх тыпаў, шматгалоссе беларускай гісторыі,
стракаты свет сучаснага чалавецтва. Усё, пра што распавядаў Янка Брыль, з
чым прыходзіў да сваіх чытачоў, уражвае сваёй прастатой, яснасцю,
сонечным святлом, святочнасцю. Нябеснае ён бачыў у зямным, бясконцае – у
канчатковым, вечнае – у мімалётным. Адсюль небывалае багацце яго
назіранняў, запісаў убачанага і пачутага, малюнкаў, эпізодаў і сцэн,
дыялогаў, людскога шматмоўя. Кнігі пісьменніка можна адкрываць на любой
старонцы і заўсёды знаходзіць патрэбнае для душы, як хлеб надзённы.
Чытаючы яго творы год за годам, дзесяцігоддзе за дзесяцігоддзем – мы
трапляем у іншы свет беларускага духу, які дапамагае нам спасцігнуць
жыццё і лёс, трагедыю і камедыю зямнога існавання тысяч і тысяч пакутнікаў
усіх часоў і народаў, якія ўзносіліся вышэй за сваю фізічную прыроду і
шукалі Вышэйшую Ісціну.