ЗАЙЦАЎ ВЯЧАСЛАЎ ІВАНАВІЧ (Адам Выгодскі)

ЗАЙЦАЎ ВЯЧАСЛАЎ ІВАНАВІЧ (Адам Выгодскі)

3.02.1948 г.

Нарадзіўся ў в. Выгода Капыльскага раёна ў сялянскай сям’і., член СП Беларусі.

Вучыўся ў вясковай пачатковай, Жыліхаўскай васьмігадовай і Бучацінскай сярэдняй школах. Пэўны час працаваў у калгасе, потым служыў у арміі.

Пасля арміі закончыў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працаваў у Смалявіцкім раёне аграномам у саўгасе «Купрыянава», начальнікам вытворчага ўчастка саўгаса «Загор’е».

Завочна скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. С 1974 г. працуе ў Смалявіцкай раённай газеце. Займаў пасады загадчыка аддзела пісьмаў, сельскай гаспадаркі, адказнага сакратара. Працаваў журналістам у абласных і рэспубліканскіх выданнях, а таксама ў шматтыражцы «Белорусский автозаводец».

Упершыню пачаў друкавацца яшчэ ў 12-гадовым узросце ў Капыльскай раённай газеце «Слава працы» (вершы, сатыра, гумар). У школьным узросце разам са стрыечным братам друкавалі самаробную газету «Острый глаз».

Працуючы ў Смалявіцкай раённай газеце, адчуў неабходнасць сур’ёзна займацца літаратурай. Пачаў пісаць нарысы аб прыродзе, а ў 1997 г. надрукаваў кніжкі «Смалявіцкі вінегрэт» (сатыра і гумар) і «Павуцінкі над безданню» (апавяданні і нарысы); у 1998 г. – «Пацічоўскі мерыдыян» і «Жыць сёння» (апавяданні і нарысы). Гэтыя выданні сталі ўступам у сур’ёзную літаратуру.

У 2000 г. выйшла кніга «Сузор’е дабрыні» пад псеўданімам Адам Выгодскі (Адам – прозвішча дзеда, Выгодскі – ад назвы вёскі), дзе былі змешчаны лепшыя празаічныя творы, якія друкаваліся ў перыядычным друку..

У 2003 г. выходзіць з друку кніга прозы «Здарожаныя». Галоўная тэма кнігі і аповесці «Здарожаныя» – духоўнае адраджэнне сучасніка, дзе на прыкладзе лепшых рыс чалавека паказваецца неабходнасць заставацца самім сабой пры любых умовах і часінах.

Зараз пісьменнік працуе над раманам «Аблога» і апавяданнем «Голыя», дзе таксама на першым плане чалавек і яго духоўнае жыццё.