ПАНЧАНКА ІВАН ТРАХІМАВІЧ

ПАНЧАНКА ІВАН ТРАХІМАВІЧ

     (24.05.1928 – сак. 2005)

Нарадзіўся ў в. Тарапаева Духаўшчынскага раёна Сма-ленскай вобласці ў сялянскай сям’і. Празаік, нарысіст. Член СП Беларусі з 1981 г. Пісаў на рускай і беларускай мовах.

Да вайны скончыў 6 класаў. Працоўны шлях пачаў з 14 гадоў – спачатку машыністам лакамабіля на льнозаводзе, потым на камбінаце стандартнага домабудаўніцтва. У 1948–1952 гг. служыў у Савецкай арміі. Тады ж экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу. Пасля дэмабілізацыі прыехаў у Мінск. Пісаў вершы, апавяданні. Працаваў у газеце «Советская Белоруссия» (1953–1955). У 1955 г. у ліку старшынь-трыццацітысячнікаў стаў старшынёй калгаса імя Кутузава Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, потым старшынёй калгаса «Камсамолец» Юрацішкаўскага раёна Гродзенскай вобласці (1955–1958). Некаторы час быў карэспандэнтам Мінскага абласнога радыё (1959–1960), радыёарганізатарам вузла сувязі, супрацоўнікам шматтыражнай газеты «Белорусский автозаводец» у г. Жодзіне на Беларускім аўтамабільным заводзе (1962–1965), потым загадчыкам аддзела пісем смалявіцкай раённай газеты «Ленінскі заклік». Завочна скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1965).

Друкавацца пачаў у 1953 г. Нарысы, апавяданні І. Панчанкі публікаваліся ў газетах «Советская Белоруссия», «Знамя юности», часопісе «Нёман», іншых перыядычных выданнях. У сваіх творах пісьменнік раскрывае духоўны свет рабочага чалавека, працаўнікоў зямлі, іх запатрабаванні (зборнікі нарысаў, апавяданняў «Жодинские богатыри», «Люди высокого долга», «Жодинская хроника», «Порванные струны», «Уйдут метели зимние», «Новые знакомые». Пахаваны ў г. Смалявічы.