Зеленаборская сельская бібліятэка сумесна з Домам культуры
падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Мая маленькая планета”,
прысвечаную беларускай паэтцы Веры Вярбе, якой у студзені 2022 года
споўнілася 80 гадоў.
Вера Вярба сёння – гэта, найперш, вядомая песня “Ручнікі”. Музыку
да верша паэткі склаў выкладчык Полацкага педагагічнага вучылішча
Мікалай Пятрэнка. Першымі выканаўцамі былі самадзейныя спявачкі з Лёзна
Віцебскай вобласці. А пасля ўдалай аранжыроўкі, зробленай Уладзімірам
Мулявіным, кіраўніком знакамітых ”Песняроў”, песня на Беларусі стала
шлягерам. Даволі часта яе лічылі народнай, нават на кружэлцы ансамбля
пазначана “народная”. Але ўжо больш за 50 гадоў у шлягера ёсць аўтары. Аб
гэтым, ды аб іншых творах паэткі ішла размова падчас сустрэчы. Прагучаў
верш “Алені”, які быў надрукаваны ў часопісе “Вясёлка” у 1958 годзе, калі ей
было толькі 16 гадоў. Праслухалі прысутныя і іншыя вершы, былі
прадэманстраваны відэаролікі на тэмы твораў паэткі.