ГРАМЫКА АЛЯКСАНДР СЯМЁНАВІЧ

ГРАМЫКА АЛЯКСАНДР СЯМЁНАВІЧ

24.06.1937 г.

Нарадзіўся ў в. Старыя Грамыкі на Гомельшчыне ў сям’і хлебаробаў.

Пасля службы ў арміі закончыў Мінскі педінстытут імя Горкага, працаваў загадчыкам раённай бібліятэкі імя Багдановіча ў Смалявічах. У сакавіку 1965 г. быў зацверджаны загадчыкам аддзела культуры райвыканкама.

Вясной 1969 г. рашэннем бюро Мінскага абкама партыі напраўлены на службу ў органы ўнутраных спраў. Працаваў намеснікам начальніка Смалявіцкага РАУС па палітыка-выхаваўчай рабоце. Пасля заканчэння курсаў пры Ленінградскім ваенна-палітычным вучылішчы МУС СССР на працягу чвэрць стагоддзя займаўся пытаннямі адбору, расстаноўкі, навучання, выхавання супрацоўнікаў Смалявіцкага РАУС.

Мае дзевяць урадавых узнагарод, у тым ліку вышэйшая службовая адзнака «Заслужаны работнік МУС СССР» і медалі «За бездакорную службу» трох ступеняў.

У 1992 г. выйшаў у адстаўку. Працуе старшым інспектарам авіяцыйнай бяспекі ў нацыянальным аэрапорце «Мінск».

На працягу шмат гадоў А. С. Грамыка з’яўляецца няштатным аўтарам і вядучым рубрыкі «З гісторыі раённай міліцыі» газеты «Край Смалявіцкі», лаўрэат абласнога конкурсу за лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі дзейнасці органаў унутраных спраў. Ветэран міліцыі і зараз займаецца даследчай дзейнасцю, звязанай з гісторыяй раённай міліцыі і яе супрацоўнікамі.

На старонках кнігі «І ў мірны час, як на вайне», прысвечанай 80-годдзю Смалявіцкай раённай міліцыі, А. С. Грамыка распавядае пра былых супрацоўнікаў Смалявіцкай міліцыі, пачынючы з самых першых гадоў існавання.

Чарговая кніга А. С. Грамыка «Они стояли у истоков» прысвечана станаўленню і развіццю ветэранскага руху ў Смалявіцкім раёне.

Героі кнігі – нашы землякі, глыбокапаважаныя людзі, тыя, што жывуць сярод нас, і тыя, хто пакінуў гэты мір. Асаблівасцю апавядання з’яўляецца тое, што аўтар раскрывае іх індывідуальнасць, паказвае асабістыя погляды, нормы паводзін, чалавечыя якасці ў рамках асобнага чалавека і ў рамках дзейнасці першасных арганізацый ветэранаў вайны і працы.

Для аўтара ветэранскія арганізацыі ў выявах герояў кнігі – нешта адухоўленае. Кніга вучыць літасці і дабру, псіхалогіі жыцця, гонару за нашых ветэранаў, каханню да Радзімы.