ЗАБАБОНЫ НА ВЁСЦЫ
(Дзяды)
У беларускай працоўнай вёсцы сялянамі-земляробамі час ад часу
спраўляюцца дзяды: спраўляюцца так, як і даўней, у належны час, так, як і
даўней, чатыры разы ў год. Звычайна ў суботу, пад свята, бабы вараць розныя
стравы, смажаць і пякуць… Робіцца нешта пахожае на жалобны стол, бо, як
толькі трэба садзіцца за стол, – старэйшы у сям'і, звычайна стары дзед, паліцъ
васковую свечку, устаўленую ў кубак з жытам і абвязаную істужкамі, і
заклікае ўсіх маліцца; пасля гэтага, сеўшы за стол, уся сям'я пачынае вячэру з
«кануну» – салодкай мядовай вады з кавалкамі дробна накрышанай
пшанічнай перапечкі. Толькі пасля гэтай цырымоніі можна есці ўсё па
парадку, што стаўляюць на стол. Што ж гэта значыць: дзяды ў вясковых сялян?
Паспрабуем разглядзець гэта дэтальна: калісь-то ў сівую мінуўшчыну нашы
продкі пакланяліся ідалам, ім здавалася, што ўсё на свеце, што не укладалася ў
іх наіўныя, неразвітыя галовы,– усё гэта быў бог. Але не толькі верылі нашы
прашчуры ў відавочных багоў. Яны верылі, што нябожчык на тым свеце
гэтаксама жыве, як і тут, на зямлі, а дзеля гэтага кожнаму, хто паміраў, клалі
разам розныя рэчы, з якімі ён займаўся, нават яго слуг і жонку. Як больш
усяго нашы старажытныя дзяды займаліся гаспадарна земляробствам, дык і
клаліся разам з гаспадаром-нябожчыкам: тапары, аралы, нажы і г. д. Пры
гэтым побач з інструментамі працы стаўляліся ў магілу гарнушкі з ядой –
нашы продкі верылі, што нябожчык там будзе есці. Усё гэта вучоныя цяпер
знаходзяць пры раскопцы курганаў у нас на Беларусі, і знойдзеныя там рэчы,
магчыма, бачаць у Мінскім беларускім музеі.
Цяперашняя цёмная вёска яшчэ пакуль што трымаецца гэтых нібыта
рэлігйных забабонаў. Калі селянін спраўляе дзяды, ён мае на ўвазе ўшанаваць
памяць сваіх родных памёршых. Яму здаецца, што, сеўшы за стол і адсунуўшы
ўбок порцыю вячэры,— ён зрабіў шмат для сваіх нябожчыкаў. Звычайна
пасля вячэры страва застаецца на стале, толькі пакрываецца паверх абрусам.
Гэта дзеля таго, па думцы селяніна, каб у поўнач каля дванаццаці гадзін ночы
прыйшлі нявідзіма дзяды і прадаўжалі вячэру. Застаецца на стале і гарэлка.
Усё гэта адгалоскі ідалапаклонства, усё гэта зацямненне светлага розуму
селяніна нейкай непатрэбшчынай. Даўней гэтай справе шчыра дапамагалі
папы: яны ў гэтым бачылі лягчэйшае кіраванне земляробамі для свае выгады,
яны у гэтым бачылі мужыцкую неразвітасцъ і пакорнасць волі бога.
Ды ўсе праявы розных рэлігій ці не адзін гата страшны забабон? Што
за карысць была яшчэ вечарам есці дванаццаць страў і добра запіваць
гарэлкай? Ці ад гэтага лягчэй на тым свеце нябожчыкам? Зусім не! Бывалі
выпадкі, калі пасля такіх вячэр аднаму з сем'янінаў рабіўся заварот кішак і
другія нешчаслівыя выпады на грунце абжорства. А тыя, хто спіць у магіле,
струхлеў і нічога не ведае, што яго тут памінаюць без капейкі…
3 часам развіцця на вёсках у моладзі самасвядомасці і палітычнай
сталасці сталі аджываць усе віды рэлігійных забабонаў. Моладзь з здаровым,
крэпкім розумам адкінула ўбок назаўсёды ўсе рэлігійныя абрады і жыве
новым жыццём.
Зачым зацямняць розум дзіцяці нейкімі выдуманымі з таго свету
дзядамі, зачым, каб дзеці пужаліся нябожчыкаў і баяліся выйсці на двор у
цёмную ноч, думалі, што на гэтым свеце ходзяць ваўкалакі-мерцвякі і
душаць народ, зачым верыць у нешта таемнае і незразумелае, не даказанае на
доследах навукай? Гэта ўсё вельмі дрэнна адбіваецца на псіхіцы нашага
маладога пакалення, гэта вельмі калечыць душу і розум дзіцяці.
Моладзь вёскі, за вамі не толькі слова, а і дзела! Трэба такія вечары
скарыстоўваць у антырэлігіных лекцыях, у добрых пастаноўках спектакляў,
літаратурных вечароў і інш. Не трэба даць магчымасці маладым і нежным
душам прыняць дурное зелле рэлігійнага забабону на свае пекныя і пышныя
глебы – сэрцы. Няхай над нашым маладым пакаленнем вечна свеціць сонца
Свабоды, няхай навука будзе іх стравай духоўнай і тым зернем, што багата
закрасуе-зацвіце ў душы кожнага дзіцяці прыгожым макацветам.
Моладзь, зрабі, што ад цябе залежыць, і забабон на вёсцы згіне.
(з кн. М. Нікановіч. «Светлая даль» Мінск: Маст. літ., 1985)