Лявданский Александр Николаевич

Ляўданскі Аляксандр Мікалаевіч      нарадзіўся 11 верасня 1893 года ў вёсцы Юр’ева Барысаўскага павета,  Мінскай  губерні  (цяпер Смалявіцкі раён)  у  сялянскай        сям’і.

Беларускі археолаг, арганізатар першых у БССР археалагічных экспедыцый. Кандыдат гістарычных навук (1934 г). Закончыў Смаленскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута (1922 г), вучыўся ў Смаленскім  універсітэце (1922-25 гг.).

У 1921 г. пры Наркамаце асветы БССР створана навукова – тэрміналагічная камісія, якая займалася выяўленнем і ўлікам археалагічных помнікаў. Іх планамернае вывучэнне ў 1925 г. пачала гістарычна – археалагічная камісія Інстытута беларускай культуры ( Інбелкульта), у 1927 г. адкрыта кафедра археалогіі. У 1929 г. яна пад назвай археалагічнай камісіі ўвайшла ў склад інстытута гісторыі Беларускай АН, у 1932 г. перейменавана ў секцыю археалогіі, археалагічнымі даследаванямі на Беларусі кіраваў А.М.Ляўданскі, адначасова быў дацэнтам  БГУ.

С 1927 года ў Мінску: член гісторыка-археалагічнай камісіі Інбелкульта загадчык аддзела археалогіі БГУ. С 1931 года вучоны сакратар. Арганізатар першых экспедыцый па шырокім планамерным археалагічным вывучэнні Беларусі. Даследаваў помнікі ад эпохі каменага веку да сярэдневяковага перыяду ўключна.  Зрабіў класіфікацыю гарадзішч жалезнага веку, вызначыў іх культурна-археалагічную прыналежнасць, акрэсліў арэалы археалагічных культур, асноўныя рысы матэрыяльнай  культуры, гаспадаркі і патрырхальна — радавога ладу плямён, якія жылі на тэрыторыі Беларусі.

У паўднёвай Беларусі вучоным вылучаны шэраг помнікаў “эпоха латэна”, у цэнтральнай – выяўлены гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі і ўпершыню выказана меркавінне аб прыналежнасці жыхароў гэтых гарадзішчаў да балційскіх плямён.

На Полацка-Віцебскім Падзвінні і Смаленскім Падняпроўі адкрыў культуру з гладкасценнай керамікай, якая потым атрымала назву Днепра — дзвінская. Даследаваў Віцебск, Оршу, Заслаўе, Барысаў.  Даў першую і найбольш поўную тыпаграфію старажытнага  Полацка, вывучаў яго помнікі – Полацкі Сафійскі сабор, бельчыцкія храмы, курганы ў акругах Мінска.

 

 Месцы археалагічных даследаванняў Ляўданскага А.М.

Бельчыцы, рэзідэнцыя полацкіх князёў у 12 ст. на левым беразе Зах. Дзвіны, пры ўпадзенні ў яе р. Бяльчанка, за 2 км. ад Верхняга замка – крамля старажытнага Полацка. У Іпацьеўскім летапісе пад 1159 сказана “… бяшеть бо князь в то время на Бельцици”. М. Стрыйкоўскі даводзіць, што Бельчыцы былі ўмацаваны мураванай сцяной і вежамі, разбуранымі ў 17 ст. уніяцкім царкоўна-палітычным дзеячам І. Кунцэвічам. Часткай княжацкай рэзідэнцыі з’яўляўся  і  Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр, які ўключаў 4 храмы, пабудаваныя з плінфы ў тэхніцы муроўкі са схаваным радам , характэрнай для Полацкай школы дойлідства. Тры бельчыцкія храмы існавалі да канца 19 ст. (1 у руінах), а 4-ы разбураны даўно і выяўлены ў час земляных работ у канцы 18 ст. Муры вышэйназваных 3 храмаў у 1930-я гады здрабнёны на друз у час пракладкі дарогі, канчаткова зруйнаваны ў 1950-я гады. Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр – унікальны культавы помнік 12 ст., выключная з’ява ў старажытна – рускім дойлідстве і манументальным  жывапісе.

 

 

 

Гаравыя, археалагічныя помнікі каля вёскі Гаравыя Полацкага раёна.

 

Гарадзішча днепра – дзвінскай культуры. За 1 км. на ПдУ ад вёскі, сярод балота на востраве Таўкач. Пляцоўка авальная, памер 28×21м. Даследавалі ў канцы 19 ст. А.М. Семянтоўскі, ў 1928 г. А.М. Ляўданскі, у 1961 г. А.Р. Мітрафанаў. Культурны пласт 0, 25 м. Выяўлены  рэшткі доўгіх жытлаў слупавой канструкцыі, каменнае агнішча. Знойдзены ляпны гліняны посуд, жалезныя прылады працы, косці жывёл і іншае.

Курганы  могільнік полацкіх крывічоў ( 2-я пал. 1-га тысячагоддзя н.э.). За 500 м ад вёскі. 15 курганоў вышынёй да 1 м, дыяметрам да 8 м.( раней было 38 круглых і падоўжаных у плане насыпаў). Даследавалі у 1928 годзе А.М. Ляўданскі, у 1980 г. Вас. Булкін. Пахавальны абрад – трупаспаленне. У адным насыпе выяўлена пахаванне ў слоікавай урне, накрытай пасудзінай. Пахавальны інвентар (шкляныя пацеркі, бронзавыя спіралькі і ўпрыгожванні, ляпныя гаршкі) выяўлены толькі ў 3 пахаваннях.

 

Гарадзішча, комплекс археалагічных помнікаў каля вёскі Гарадзішча Мінскага раёна.

 

Гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры, 9 -11 ст. і 17 —  19 ст. У вёсцы на правым беразе перасохлай рэчкі Менка, за 2 км. ад упадзення яе ў Пціч. Складаецца з малога (1 пляцоўка, памер 80× 16 м.) і вялікага (2 пляцоўкі, памер 110× 80 м) гарадзішчаў агульнай плошчай 1,3 га. З боку поля ўмацавана ровам ( цяпер аплыў), валамі вышынёй з вонкавага боку 8-10 м, у асобных месцах 12 м. (абкружаюць 3 пляцоўкі). Пляцоўка на малым гарадзішчы вышэйшая за астатнія. Другая, большая пляцоўка з’яўляецца асноўнай тэррыторыяй вялікага гарадзішча і мае нахіл у паўднёвым напрамку. Трэцяя пляцоўка прымыкае да другой з паўночнага боку і знаходзіцца ніжэй за яе на 8-9 м. Гарадзішча мае 3 уваходы: першы каля паўднёва – ўсходняга вугла (вядзе з ніжняй пляцоўкі да ракі), другі (першапачатковы) знаходзіцца побач, трэці каля паўднёва – заходняга вугла. У малое гарадзішча можна было прайсці толькі з вялікага. Абследаванні і раскопкі праводзілі ў 1930 г. А. Рынейскі, у 1935 А.М. Ляўданскі, у 1954 А.Р.  Мітрафанаў, у 1963 г. З.М. Зарагульскі,  у 1969 – 1970 гг. М.А. Ткачоў, у 1976-1983 гг. Г.В.Штыхаў. Культурны пласт 0,3-2 м. Выяўлена гісторыя будаўніцтва гарадзішча. На мяжы нашай эры ўзнікла малое гарадзішча, дзе жыло насельніцтва штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры. На краю пляцоўкі быў узведзены вал. У канцы 1–га тысячагоддзя н.э. прыбудавана вялікае гарадзішча, якое выконвала ролю вакольнага горада. Умацавана валам вышынёй 4 м. з гароднямі (памер 3,5×4 м) у 3 рады, шчыльна запоўненымі суглінкам і супескам. Калі вонкавыя ўмацаванні былі знішчаны агнём, вал рэканструяваны, яго вышыня падвоена і на грэбні пастаўлены частакол.

Гарадзішча кантралявала акругу паміж Нёманам і Пціччу, па якой праходзіў гандлёвы шлях з Балтыйскага мора ў Чорнае. Як цэнтр акругі спыніла існаванне ў 2-ой палове 11 ст., калі было пабудавана замчышча на беразе  Свіслачы пры ўпадзенні ў яе Нямігі. Знойдзены амулет 2-3 ст. н. э. з  егіпецкага фаянсу ў выглядзе плоскай пацеркі авальнай формы з рельефнай выявай крылатага бажаства, гліняныя прасліцы, посуд штрыхаванай керамікі з арнаментам раменскага тыпу, абгарэлае зерне, бронзавыя спражкі і наканечнік ножнаў мяча, жалезныя наканечнікі стрэл, кераміка з клеймамі ў выглядзе знака Рурыкавічаў (трызубец), паўднёвыя  амфары, жорны, пацеркі-лімонкі (10-11 ст.), кафля, манеты, жалезныя вырабы, ганчарны посуд (17-18 ст.).

Заслаўскія курганныя могільнікі, группа археалагічных помнікаў на тэррыторыі горада Заслаўя і ў яго ваколіцах (Мінскі раён). Захаваліся даныя пра 10 курганных могільнікаў і 2 асобныя курганы (367 насыпаў). Мяркуецца, што спачатку тут было 800-1000 насыпаў. Даследавалі ў 1926 г. і 1928 г. А.М. Ляўданскі і С.А. Дубінскі, В. П. Харламповіч і А.Дз.Каваленя, у 1957 г. і 1965 г. Э. М. Зарагульскі, у 1960 г., 1967 г., 1971 г. Г. В. Штыхаў, у 1977-1980 гг., 1982 г. Ю. А. Заяц. Ёсць звесткі пра раскопкі 142 курганоў. Захаваліся рэшткі 8 курганных груп і 2 асобныя курганы. Большасць іх значна пашкоджана. Тапаграфічна і храналагічна заслаўскія курганыя могільнікі звязаны з пэўнымі часткамі горада і асобнымі паселішчамі (гарадзішча “Замэчак”, неўмацаваныя паселішчы на р. Свіслач і інш). Заслаўскія курганныя могільнікі функцыянавалі з  сярэдзіны 10 ст. да  пачатку 12 ст., большасць даследаваных курганоў датуецца 2-й палавіне10 – 1-ай палавіне 11 ст., належыць крывічам, невялікая колькасць – фіна-уграм і балтам. У большасці курганоў пахавальны абрад – трупаспаленне на ўзроўні старажытнай дзённай  паверхні, радзей сустракаецца ў насыпе і падкурганных ямах, у 5 курганах – трупаспаленне. Пахаваны дружынікі, свабодныя абшчыннікі, халопы і рабыні, даследавана адно пахаванне рамесніка. Пахавальны інвентар  — зброя (коп’і, суліцы, сякеры, булава), упрыгожжані (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, каралі, прывескі), рэчы хатняга ўжытку (нажы, прасліцы, грабяні, гаршкі, вёдры), манеты.

Кімія, гарадзішча 6 ст. да н. э. – 4 ст. н. э. Штрыхаваная кераміка культуры каля в. Кімія Барысаўскага раёна. Пляцоўка памерам 64×42 м, умацавана з усходу валам і ровам. Адкрыў у 1931 годзе Аляксандр Мікалаевіч Ляўданскі, даследаваў у 1950 годзе А. Р. Мітрафанаў. Мае 30 слойны культурны пласт. У ніжнім і сярэдніх слаях знойдзены жалезныя сярпы, нож, посахападобныя шпількі, бронзавы бранзалет, касцяная шпілька, дзяржанне шыла, гліняныя прасліцы, грузікі дзякоўскага тыпу, ляпныя пасудзіны, аналагічныя па форме кераміцы мілагродскай культуры. Выяўлены рэшткі горнаў для выплаўкі жалеза, наземнага жытла, агнішча з пляскатых камянёў. У верхнім пласце выяўлены абломкі вастрарэбных пасудзін.

Лялеўшчына, гарадзішча  днепра — дзвінскай культуры, каля вёскі Лялеўшчына Гарадоцкага раёна. Выявіў у 1934 г. А.М. Ляўданскі, даследавалі 2 гарадзішчы ў 1963 г. К.П. Шут, адно – у 1951 г. А.В. Аляксееў, у 1972 г. Г.В.Штыхаў. Культурны пласт 0,3 – 0,6 м. На адным гарадзішчы выяўлены рэшткі вала. Знойдзена гладкасценная слабапрафіляваная, а таксама штрыхаваная і арнаментаваная адбіткамі тканага палатна кераміка, прасліцы, шлакі і іншае.

Полацкі Сафійскі сабор, помнік архітэктуры 11-18 ст. паклаў пачатак Полацкай школе дойлідства. Пабудаваны паміж 1044 г. і 1066 г. ( паводле іншых звестак у 1050-60 гг.) у Полацку пры князі Усяславе Брачыславічу на дзядзінцы горада – Полацкім Верхнім замку. Агульныя памеры сабора: шырыня 26,4 м, даўжыня ( з улікам апсід) 31, 5 м. Тут прымалі паслоў, захоўваліся дзяржаўная казна, бібліятэка, архіў. З’яўляўся духоўным сімвалам горада, 11-19 ст. быў кафедральным саборам Полацкай праваслаўнай епархіі і Полацкай  уніяцкай архіепархіі. Мураваны 5 – нефавы крыжова–купальны (7 купалоў, паводле іншых звесткаў 5) храм з 3 гранёнымі апсідамі. На кожным фасадзе  (акрамя ўсходняга) было па 6 прамавугольных плоскіх лапатак, якія адпавядалі ўнутранаму падзелу памяшкання 16 слупамі на нефы, 3 сярэднія нефы заканчаваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабора быў цэнтральны купал на барабане. Сцены складзены з прыроднага      каменю і плінфы ў тэхніцы муроўкі са “схаваным радам”, што стварала 2-колерную гаму паверхні.

Апублікаваны ў ”Запісках беларускай Акадэміі навук” артыкул  А. Ляўданскага і К. Палікарповіча ,,Археалагічныя доследы ў БССР у 1933-1934 гг.” ( кн.5, 1936), у якім аналізуюцца археалагічныя даследаванні супрацоўнікаў  секцыі археалогіі Інстытута гісторыі АН Беларусі ўздозж Захаднай Дзвіны ад вытокаў да граніцы з Латвіяй.

У гады масавых палітычных рэпрэсій быў ілжыва абвінавачаны, стаў ахвярай. Ён быў  19.05 1937 года арыштаваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 27.08 1937 года ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1958 годзе.

Гарадзішчы Смалявіччыны здаўна прыцягвалі ўвагу вучоных. У 1923-1924 гг. многія помнікі былі абследаваны А.М. Ляўданскім.

У 1923-1928 гг. А.М. Ляўданскі праводзіў раскопкі курганоў каля вёсак Буда і Тачылішча. Каля в. Буда выяўлены рэшткі пахавання па абрадзе трупаспалення і гліняныя гаршкі. У в. Тачылішча на той час ад вялікага курганнага могільніка заставалася толькі дзесяць насыпаў. Астатнія разворваліся. У трох насыпах выяўлены пахаванні па абрадзе трупаспалення. У адным з іх знойдзена сіняя шкляная пацерка, кавалак бронзавай бляшкі, у другім — перапаленыя косці ў лейкападобнай ямцы, абкладзенай камянямі, а ў трэцяй сярод перапаленых касцей былі кавалкі глінянага посуду цыліндрычнай формы і жалезныя рэчы. На месцы разбураных курганоў мясцовыя жыхары знаходзілі кавалачкі глінянага посуду і такія рэчы, як медная круглая падвеска-амулет, каменнае ( ці глінянае) прасліца. На гэтым могільніку хавалі нябожчыкаў у VІІ- Х ст. У 1925 г. А. М. Ляўданскі адкрыў курганны могільнік у в. Тадуліна.

 

   Асноўныя працы:  

Археалагічныя раскопкі ў м. Заслаўі Мінскай акругі // Западнае аддзяленне гуманітарных навук БАН. – Мн, 1928.

Археалагічныя доследы ў БССР пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі // Пр. секцыі археалогіі Інстытута гісторыі БАН. – Мн., 1932.

Археалагічныя доследы ў Віцебскай акрузе // Западнае аддзяленне гуманітарных навук БАН. – Мн, 1930.

Археалагічныя доследы ў Полацкай акрузе // Западнае аддзяленне гуманітарных навук БАН. – Мн, 1930.