ГАНЧАРЫК МІХАІЛ МІКАЛАЕВІЧ

ГАНЧАРЫК МІХАІЛ МІКАЛАЕВІЧ

            (12.(24).11.1899 – 11.4.1986)

(Друкаваўся пад псеўданімамі М. Ландыш, Лясун, Я. Сявец, Якім Сявец, крыпт. М. Г., М. Г-к;). Нарадзіўся ў в. Клянік Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Смалявіцкі раён Мінскай вобл, сялянскай сям’і, вучоны-біёлаг, пісьменнік, прафесар Член-карэспандэнт АН Беларусі (1969), доктор біялагічных навук (1960),). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1972).

Да рэвалюцыі закончыў народную школу і Ігуменскае пачатковае вучылішча (1914). У 1917 г. паступіў у Горацкае сярэдняе сельскагаспадарчае вучылішча. У 1924 г. скончыў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут. Працоўную дзейнасць пачаў у студэнцкія гады. У 1922 г. працаваў назіральнікам на Горацкай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі. З восені таго ж года – малодшы навуковы супрацоўнік на кафедры арганічнай хіміі горацкага сельскагаспадарчага інстытута.

Займаўся літаратурнай працай. Перакладаў на беларускую мову сельскагаспадарчую літаратуру. Друкаваўся ў газеце «Вольная Беларусь», «Беларусь», часопісах «Аршанскі маладняк», «Рунь», «Зоркі». У 1925-1928 гг. – кіраўнік Аршанскай філіі «Маладняк» — акруговага аддзялення Літаратурнага аб’яднання беларускіх савецкіх пісьменнікаў. У 1926-1929 гг. – асістэнт кафедры фізіялогіі раслін беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, удзельнік выдання яе прац. У 1927 г. уступіў у партыю. У 1929-1931 гг. вучоны-спецыяліст, загадчык кафедры батанікі АН БССР. У 1931 г. намеснік дырэктара, выконваючы абавязкі дырэктара інстытута біялогіі АН БССР.

14.9.1933 г. арыштаваны органамі НКУС БССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра» і паводле пастановы АДПУ ад 9.1.1934 г. асуджаны на 10 гадоў турмы. Пакаранне адбываў на будоўлі Байкала-Амурскай магістралі. Быў бухгалтарам, эканамістам, будаваў БАМ.

Пасля вызвалення з 1947 г. – старшы навуковы супрацоўнік Арлоўскай бульбяной доследнай станцыі. 15.2.1949 г. арыштаваны УДБ па Арлоўскай вобласці і згодна з пастановай Асобай нарады МДБ СССР ад 18.5.1949 г. высланы на пасяленне ў Краснаярскі край.

У 1949-1956 гг. – старшы навуковы супрацоўнік, дырэктар Ігарскай доследнай станцыі інстытута сельскай гаспадаркі Крайняй Поўначы. Быў кіраўніком аддзялення ў саўгасе. Вывучаў фізіялогію асноўных сельскагаспадарчых культур (бульбы, капусты) Крайняй Поўначы. Вызвалены ў ліпені 1954 г. 13 красавіка 1956 г. рэабілітаваны. Вярнуўся ў Беларусь. 3 1956 г. выкладаў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, з 1958 г. старшы навуковы супрацоўнік Інстытута біялогіі АН БССР, з 1961 г. загадчык аддзела фотасінтэзу, э 1967 г. – дырэктар, з 1972 г. – загадчык лабараторыі, з 1976 г. – навуковы кансультант інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР. Даследчыцкай работай пачаў займацца ў студэнцкія гады: збіраў беларускія назвы раслін, матэрыялы па тэхніцы сялянскіх гаспадарак Міншчыны. На выснове даных архіва Горы-Горацкага земляробчага інстытута распрацаваў матэрыялы па гісторыі першай у Расіі вышэйшай сельскагаспадарчай школы. Укараняў новыя культуры (у прыватнасці, сою), Унёс значны ўклад у распрацоўку пытанняў фізіялогіі раслін (асабліва бульбы), фотасінтэзу, апублікаваў калі 100 навуковых работ, у тым ліку некалькі манаграфій. Найбольшую каштоўнасць маюць «Уплыў экалагічных умоў на фізіялогію культурных раслін», «Фізіялагічны ўплыў іёнаў хлору на расліны». У першай з іх разгледжаны важнейшыя аспекты раслінаводства ва ўмовах Енісейскай Поўначы: змены ў залежнасці ад колькасці ападкаў, тэмпературных умоў, святла і інш. Падрыхтаваў 13 кандыдатаў, 3 дактароў навук. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі,  Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Свой першы верш «Араты» М. Ганчарык надрукаваў у 1914 г. у газеце «Наша ніва». 3 таго часу яго вершы і апавяданні змяшчаліся на старонках беларускіх перыядычных выданняў і ў кнігах. Выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі. Аўтар успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, 3. Бядулю, Ц. Гартнага, М. Чарота, К. Буйло,

Ю. Гаўрука і інш. У апошнія гады жыцця працаваў над аутабіяграфічнай кнігай, якая засталася няскончанай. Пахаваны на Паўночных могілках.