ДУБРОЎСКІ ІГНАТ ЦІМАФЕЕВІЧ
(22.08.(4.09)1906 – 2003)
(сапр. Чарняўскі Ігнат Цімафеевіч). Друкаваўся пад псеўданімам І. Сярмяжны. Нарадзіўся ў в. Дуброва Мінскага павета (цяпер Смалявіцкі раён Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Празаік, нарысіст, вучоны. Член СП Беларусі з 1951 г. Кандыдат сельскагаспадарчых навук (1937), Заслужаны работнік культуры Беларусі (1981).
Вучыўся ў пачатковай школе, летам пасвіў жывёлу. Маці памерла ў 1918 г. Бацька быў расстраляны польскімі інтэрвентамі ў 1919 г. за ўдзел у рабоце мясцовых органаў савецкай улады. Пасля заканчэння сярэдняй школы І. Дуброўскі працаваў загадчыкам магазіна спажывецкай кааперацыі ў сваёй вёсцы, справаводам сельсавета (1925–1926), загадчыкам аддзела прапаганды РК ЛКСМБ у Астрашыцкім Гарадку (1926–1927), служыў у Чырвонай арміі (1927–1928). Пасля службы паступіў і ў 1932 г. скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, вучыўся ў аспірантуры спачатку пры Інстытуце сацыялістычнай рэканструкцыі сельскай гаспадаркі ў Мінску, пасля пры Усесаюзным інстытуце эканомікі сельскай гаспадаркі ў Маскве (1932–1936). Адначасова працаваў намеснікам дырэктара Інстытута эканомікі сельскай гаспадаркі ў Маскве. Пасля пераезду ў Мінск працаваў загадчыкам сектара аграрных праблем Інстытута эканомікі АН БССР (1937–1941).
У пачатку вайны быў эвакуіраваны з сям’ёй у Пензу, дзе працаваў начальнікам упраўлення абласнога зямельнага аддзела. У жніўні 1941 г. пайшоў на фронт, камандаваў батарэяй, удзельнічаў у баях пад Масквой. У красавіку 1942 г. быў кантужаны і паранены, трапіў у фашысцкі палон, дзе стаў адным з арганізатараў падпольных груп, якія вялі прапаганду сярод палонных, каб прадухіліць іх уступленне ў здрадніцкую армію, што фарміравалася фашыстамі з рускіх палонных. У 1945 г. быў вызвалены з канцлагера для палонных савецкіх афіцэраў (г. Франкфурт-на-Майне). Пасля вызвалення быў накіраваны ў Чырвоную Армію.
У 1945 г. дэмаббілізаваўся, вярнуўся ў Інстытут эканомікі АН БССР, загадваў сектарам аграрных праблем (адначасова быў галоўным кансультантам Беларускага павільёна Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве), дзе працаваў да 1976 г. Выдаў звыш 10 навуковых кніг і брашур, выступаў у перыядычным друку з артыкуламі па пытаннях калгаснага будаўніцтва.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, «Дружба народаў», «Знак Пашаны», медалямі і трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Пасля вайны сістэматычна займаўся літаратурнай творчасцю, хаця вершы пачаў пісаць яшчэ ў 1927 г. За гэты час надрукаваў аповесці, апавяданні, кнігі нарысаў на актуальныя тэмы сучаснага жыцця: праблемы вёскі, меліярацыі Палесся, вытворчыя, сацыялагічныя, культурныя пытанні побыту вёскі і горада, аховы прыроды і г. д. («Зямля маладзее», «Зямныя вузлы», «Радня», «Паўз самыя вокны», «Гамоніць Палессе», «На новыя кругі», «Час сеяць і час жаць», «Красна хата не толькі пірагамі» і інш.