КАЛАНТАЙ ПЁТР ВАСІЛЬЕВІЧ

КАЛАНТАЙ  ПЁТР  ВАСІЛЬЕВІЧ

                     (13.08.1948 – 1990)

Нарадзіўся ў в. Знаменка (Падонкі) Лагойскага раёна. Бацька – цясляр, маці – хатняя гаспадыня. У сям’і было 6 дзяцей. У 1952 г. іх сям’я пераязджае ў вёску Юзефова Смалевіцкага раёна (у тыя гады Лагойскага раёна).  У 1956 г. Пеця Калантай стаў вучнем Косінскай сярэдняй школы. Па хваробе прыйшлося цэлы год прапусціць заняткі ў школе, а затым паспяхова скончыць 8 класаў і паступіць у Мінскі эканамічны тэхнікум.

Яшчэ ў школе настаўнікі філолагі заўважылі яго здольнасці да літаратуры: першыя вершы былі надрукаваныя ў зборніку дзіцячай творчасці «Вачамі  дзяцей», (складальнік Л. Ф. Тамашова).

Кніга гэтая незвычайная. Пад яе вокладкай памкнуліся на сустрэчу школьнікі з Віцебшчыны і Брэстчыны,   Гарадзеншчыны і Міншчыны, Магілёўшчыны і  Гомельшчыны. Сярод іх імёны Сяргея і Валерыя  Законнікавых, Алеся Разанава, Яўгеніі Янішчыц, Уладзіміра Куца і інш.

З розных куткоў Беларусі прынеслі яны свае вершы і расказы, свае шчырыя словы замілаванасці родным краем, падзякі за сваё бясхмарнае дзяцінства. 14–16гадовыя хлапчукі і дзяўчынкі яшчэ раз запэўнілі, якая багатая талентамі зямля наша – радзіма Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, Ніла Гілевіча і  Якуба Коласа…

У гэтай кнізе былі надрукаваныя вершы Пятра Калантая аб першым юнацкім каханні, якое захавалася ў сэрцы на ўсё ягонае нядоўгае жыццё.

У час вучобы ў тэхнікуме ён па-ранейшаму захапляецца вершамі. Пасля заканчэння тэхнікума Пётр Васільевіч разам з жонкай і сынамі Алегам і Генадзем едуць па месцы працы, у Клецкі раён. Два гады ён працаваў бухгалтарам на камбікормавым заводзе

У 1972 г. сям’я пераязджае ў в. Юр’ева (Смалявіцкі раён). П. В. Калантай працуе ў калгасе «Чырвоны партызан» бухгалтарам. Вершы пісаць ён не кінуў, а становіцца ўдзельнікам літаратурнага  аб’яднання «Крынічка» пры смалявіцкай раённай газеце «Ленінскі шлях» (цяпер «Край смалявіцкі»). Чытачы «раёнкі»  з велізарным задавальненнем чыталі яго вясковыя вершы, байкі, вершы аб каханні да  радзімы  і  бацькоў,  сваёй сям’і.

Доўгі час  Пётр Васільевіч працаваў вызваленым старшынёй прафкама калгаса «Парыжская камуна», дапамагаў простым калгаснікам атрымліваць пуцёўкі ў дамы адпачынку,  вырашаць жыллёвыя пытанні, працоўныя спрэчкі. Завочна заканчвае  эканамічнае аддзяленне  Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.  Працуе эканамістам у калгасе, а затым у ПП  «Коваленок».  За гэтыя гады ў сям’і  нарадзіліся яшчэ дзве дачкі – Лена і Валянціна.   Дзеці  вельмі добра вучыліся і бацькі заўсёды ганарыліся імі.

Вершы П. В. Калантая самабытныя і натуральныя. Паэт, нягледзячы на адсутнасць тэарэтычнай і літаратурнай асновы, а толькі інтуіцыяй і паэтычным светаўспрыманнем, спрабаваў простымі словамі данесці да чытача сваё бачанне свету, кіруючыся – асэнсаваннем жыцця.

Тэмы, якія паэт уздымаў ў сваёй творчасці, простыя і зразумелыя. У першую чаргу ён звяртаў увагу на агульначалавечыя каштоўнасці і непасрэдна на тыя пытанні, якія хвалююць кожнага чалавека: каханне да жанчыны, любоў да Радзімы, любоў да сваіх аднавяскоўцаў.