КУЧАР АЛЕСЬ (АЙЗІК ЕВЕЛЕВІЧ)
27.06.1910 – 9.7.1996
Нарадзіўся ў в. Прудзішчы Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці ў сям’і прыказчыка па лесасплаву. Крытык, драматург. Член СП Беларусі з 1934 г., пісаў на беларускай і рускай мовах.
Вучыўся спачатку ў Смалявічах, потым у Лагойскай сямігодцы (1923–1926). Працаваў справаводам у Смалявіцкім райвыканкаме. У 1927 г. паступіў у мінскі педагагічны тэхнікум. У 1929–1932 гг. вучыўся ў БДУ, потым у Маскоўскім інстытуце гісторыі, філасофіі, літаратуры (выбыў з 3-га курса, 1937). Адначасова працаваў сакратаром рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», літработнікам Радыёкамітэта, у газеце «Чырвоная змена» (1932–1936), загадчыкам аддзела газеты «Літаратура і мастацтва», старшым выкладчыкам Мінскага педінстытута (1938–1941). Быў членам пісьменніцкай арганізацыі БелАПП. У гады вайны працаваў у газетах «За Савецкую Беларусь» (1941–1942), «За свабодную Беларусь» (1942–1943), у беларускім штабе партызанскага руху (1943–1945). Пасля вызвалення ўсходніх раёнаў Беларусі ў канцы 1943 г. працаваў рэдактарам раённай газеты ў г. Ветка Гомельскай вобласці, потым у Мінску намеснікам рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва» (1945–1948) з 1948 г. – загадчык аддзела ў «Настаўніцкай газеце». Рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі (1951–1960), літкансультант СП Беларусі (1960), член сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм» (1960–1968). З 1968 г. на пенсіі.
Узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны», медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Першы артыкул А. Кучара «Пад беларускім сонцам» быў змешчаны ў часопісе «Беларускі піянер» (1927). Больш стала літаратурнай працай пачаў займацца з 1929 г. Аўтар артыкулаў пра развіццё беларускай літаратуры, нарысаў пра творчасць Я. Купалы, М. Багдановіча, Я. Коласа, П. Броўкі, А. Куляшова, М. Танка, К. Крапівы, П. Панчанкі і інш. У яго літаратурна-крытычных працах 30-х г., ды і пасляваеннага часу, нямала блытаніны, вульгарызатарскіх выпадаў супраць прызнаных беларускіх пісьменнікаў, якія затым былі рэпрэсіраваны.
Вядомы А.Кучар і як аўтар драматычных твораў. У аснову яго п’есы «Заложнікі» (1943) пакладзены расказ бацькі Міная (Міная Піліпавіча Шмырова) пра гібель сваіх дзяцей-заложнікаў. П’еса была пастаўлена ў тэтрах Я. Купалы і Я. Коласа. Паводле яго драмы пра гераізм мінскіх падпольшчыкаў («Гэта было ў Мінску», 1947), быў зняты фільм «Гадзіннік спыніўся апоўначы». Напісаў таксама п’есу «Неспакойныя сэрцы», сцэнарыі фільмаў «Чырвонае лісце» (1958) пра нацыянальна-вызваленчую барацьбу працоўных Заходняй Беларусі, «Лісты да жывых» (1963, пра Веру Харужую), «Усходні калідор» (1967), дакументальнага фільма «Мы жывём у Мінску» (1968). Пераклаў для мінскіх тэатраў п’есы «Востраў Афрадзіты» А. Парніса і «Зыбучыя пяскі» П. Хайноўскага. Наёбольш значныя мастацкія і літаратурна-крытычныя працы А. Кучара сабраны ў зборніку п’ес і кінасцэнарыяў «Над Дзвіной, Нямігай, Віліяй» і ў кнізе «Аб мастацкай прозе».