НІКАНОВІЧ  МІКОЛА

НІКАНОВІЧ  МІКОЛА

  (2(15).04.1902 – кастр. 1944)

Нікановіч Мікола [Мікалай Уладзіміравіч; псеўд. і крыпт. Селянін М. Н-іч, М.Н., М.Н-віч, М. Н-іч, Н., Н-іч, Н-ч, N.;, нарадзіўся ў в. Кляннікі Ігуменскага павета Мінскай губерніі (цяпер Смалявіцкі раён) ў сялянскай сям’і. Празаік, перакладчык.

Вучыўся ў Клянніцкай пачатковай школе, потым у гімназіі ў Ігумене (цяпер Чэрвень). Удзельнічаў у партызанскай барацьбе супраць польскіх акупантаў. Пасля Грамадзянскай вайны настаўнічаў у роднай вёсцы, актыўна прапагандаваў усё новае – змагаўся супраць грамадскай пасіўнасці селяніна, п’янства і забабонаў. У 1928 г. пераехаў у Мінск і стаў працаваць стылістам у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», затым у «Звязде».

На працягу 1923–1932 сістэматычна друкаваўся на старонках «Савецкай Беларусі», «Звязды», «Полымя», «Маладняка», «Аршанскага маладняка»,  «Маладога аратага», «Беларускага піянера», «Чырвонай змены», «Чырвонай Беларусі», «Беларусі калгаснай» і іншых перыядычных выданняў рэспублікі. У 1933 г. рэпрэсіраваны, сасланы на тры гады на Урал. Працаваў у газетах «Советский Дон», «Уральский рабочий». У 1942 г. прызваны ў армію. Удзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1944 г. на тэрыторыі Чэхаславакіі прапаў без вестак. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Першае апавяданне «Ахвяры цемры» надрукаваў у 1923 г. у газеце «Савецкая Беларусь», першы верш – у часопісе «Маладняк» за 1925 г. Першыя зборнікі апавяданняў «Золак» і «Радасць» выйшлі ў свет у 1926 г. Асобным выданнем пры жыцці пісьменніка свет пабачылі яшчэ 4 кнігі прозы: «Крык працы», «Вясновы прамень», аповесці «Мяцеліца» і «У паўстанцаў». Творы М. Нікановіча пафасныя, узнёслыя, рамантычныя; асноўная іх тэма – змены ў жыцці паслякастрычніцкай вёскі, будаўніцтва новага жыцця.