СІНЯЎСКІ ІВАН ІВАНАВІЧ
(22.06.1919 – 15.09.2001)
Нарадзіўся ў в.Жажэлка Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і хлебаробаў. Празаік. Член СП Беларусі з 1959 г.
Бацьку, Івана Андрэевіча ў 1944 г. забілі фашысты за сувязь з партызанамі. І. Сіняўскі вучыўся ў Жажэлкаўскай пачатковай школе. Потым у Смалявіцкай школе калгаснай моладзі, дзе ўрокі батанікі вёў В. Купрэвіч (пазней прэзідэнт АН БССР), у Юраўскай сямігодцы, з 1934 г. – у Смалявіцкай СШ. Тут у школьным літаратурным альманаху ён пачаў змяшчаць уласныя вершы. Выкладчык беларускай мовы і літаратуры Я. Гаварушка, які абудзіў у свайго вучня любоў да мастацкага слова, прапанаваў у раённую газету «Шлях калектывізацыі» яго верш, прысвечаны Я. Купалу. У 1937–1941 І. Сіняўскі – студэнт літаратурнага факультэта Мінскага педінстытута, удзельнічаў у літаратурным гуртку. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны жыў у бацькоў у вёсцы, працаваў на гаспадарцы. З лета 1942 г. быў партызанскім сувязным, у 1943–1944 гг. быў партызанам атрада імя В. Чкалава брыгады «Смерць фашызму». Прымаў удзел у дыверсіях на дарогах Лагойск – Зембін – Бягомль – Плешчаніцы.
Пасля вызвалення Беларусі працаваў інспектарам Смалявіцкага РАНА, затым быў прызваны ў дзеючую Савецкую армію. Удзельнічаў у баях за вызваленне Варшавы, ва Усходняй Прусіі і Памераніі, у фарсіраванні Одэра, ва ўзяцці Берліна. У 1945 г. дэмабілізаваны. Працаваў дырэктарам Жажэлкаўскай сямігадовай школы, з 1953 г. – выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў гэтай жа школе. З 1979 г. на творчай працы. Узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені, медалямі.
Першае апавяданне І. Сіняўскага «Шафа» надрукавана ў 1940 г. у газеце «Літаратура і мастацтва». Аўтар зборнікаў апавяданняў «У навальніцу», «Новая школа», «Піянерскі гальштук». Выдаў кнігі прозы «А вяселля не было», «Ой, рэчанька, рэчанька…» (1962), «Дабрадзейка», «На правым флангу», «Марка», «Вернасць», «Заряница»(1971) зборнік расказаў «Ахвяры кахання» (1999), раман «Вярыгі» (Мн.,2001), і інш. У творах І. Сіняўскага на першым плане праблемы, што хвалююць сучасную вёску. У рамане «Дарога на Замлынне» асэнсоўваецца подзвіг народа ў Вялікай айчыннай вайне. Аповесць «На правым флангу» прысвечана Герою Савецкага Саюза П.Купрыянаву (ураджэнец Смалявіцкага раёна). У лірычнай аповесці «Сінія ночы» (1986) расказваецца пра вёску напярэдадні калектывізацыі, аб прывязанасці селяніна да зямлі (усё гэта перадаецца праз успрыманне васьмігадовага хлопчыка). Апавяданні і аповесці І. Сіняўскага вызначаюцца глыбокім веданнем жыцця вясковых дзяцей, іх псіхалогіі, мастацкім даследваннем станаўлення характару школьнікаў. Апошнія гады жыў у г. Жодзіна Смалявіцкага раёна.