ЮРЭВІЧ УЛАДЗІМІР МІХАЙЛАВІЧ
(22.07.1916 – 28.01.2005)
(Псеўд. Радыён Хваля) Нарадзіўся ў в. Дуброва Мінскага павета Мінскай губерніі (цяпер Смалявіцкі раён Мінскай вобласці) ў сям’і настаўнікаў. Крытык, празаік, перакладчык. Член СП Беларусі з 1953 года. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1976). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994; за кнігу «Слова жывое, роднае, гаваркое…»).
Яго дзед, Мікалай Фёдаравіч Турчановіч, таксама быў настаўнікам, усебакова падрыхтаваным педагогам, ведаў замежныя мовы. У яго за адну зіму (1897/98) у в. Бяларучы завяршыў курс пачатковай школы Я. Купала. У дзеда была багатая бібліятэка з выданнямі рускай літаратуры, першымі беларускімі кнігамі. Гады дзяцінства У. Юрэвіча прайшлі ў камуне «Звязда» (в. Тадуліна Смалявіцкага раёна), дзе бацькі працавалі настаўнікамі і вялі вялікую культурна-асветную работу сярод сялян-камунараў. У 10 –12-гадовым узросце У. Юрэвіч пісаў для насценгазеты камуны «Звязда» вершы і байкі, якія не захаваліся. Вучыўся ў Першай беларускай сямігадовай школе г. Мінска, пасля скончыў Мінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум (1934), будаўнічы факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытута (1941). Адначасова завочна вучыўся на філалагічным факультэце БДУ (1939–1941). У 16 гадоў быў прыняты па конкурсе ў дыктары Беларускага радыё. Гэта праца захапіла юнака: увесь вольны ад вучобы час ён аддаваў вывучэнню роднай мовы, літаратуры, мастацтва, гісторыі.
На трэці дзень вайны У. Юрэвіч з групай моладзі накіраваўся на ўсход. У Оршы атрымаў дазвол на знаходжанне ў савецкім тыле. Дабраўшыся да Казані, паступіў на работу памочнікам галоўнага інжынера будаўнічай канторы Упраўлення капітальнага будаўніцтва Наркамата авіяцыйнай прамысловасці. У верасні 1941 г. мабілізаваны на будаўніцтва ўмацаванага раёна на Волзе, быў прызначаны начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела будаўнічага ўчастка № 2 Ваенно-палявой будоўлі Наркамата абароны СССР. Пасля завяршэння будаўніцтва вярнуўся ў Казань, дзе яго чакаў выклік ЦК КПБ у Маскву для ўдзелу ў аднаўленні радыёвяшчання на беларускай мове (радыёстанцыя «Савецкая Беларусь» пры Цэнтральным штабе партызанскага руху). Працаваў дыктарам і перакладчыкам. Тады ж пачаў пісаць публіцыстычныя артыкулы, нарысы.
Пасля вяртання ў Мінск працаваў дыктарам, працягваў радыёжурналісцкую дзейнасць. У 1948 г. прызначаны адказным рэдактарам літаратурна-драматычнага вяшчання, у 1952 г. галоўным рэдактарам мастацкага вяшчання. З 1954 г. працаваў уласным карэспандэнтам «Литературной газеты» па Беларусі, з 1959 г. адказным сакратаром часопіса «Маладосць», у 1970–1979 гг. дырэктарам Літаратурнага музея Я. Купалы, палітычным аглядальнікам Дзяржкамітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, членам рэдкалегіі, рэдактарам аддзела часопіса «Камуніст Беларусі». У 1979 – 1985 гг. літкансультантам СП Беларусі. З 1985 г. адказным сакратаром Камітэта па Дзяржаўных преміях Беларусі, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі, Ганаровымі граматамі і Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Першае выступленне У. Юрэвіча ў друку адносіцца да 1949 г., калі ў часопісе «Вожык» быў надрукаваны яго фельетон «Цецерукі і глушцы ў эфіры» (пад псеўданімам Радыён Хваля). З таго часу выступае ў друку з рэцэнзіямі на новыя творы беларускай літаратуры. Выхаваная з дзіцячых гадоў любоў да роднага слова, працяглая практычная праца з жывым словам дазволілі У. Юрэвічу спецыялізавацца на аналізе мовы мастацкіх твораў. Добры густ, багатыя назіранні, уменне прынцыпова і аб’ектыўна прааналізаваць майстэрства пісьменніка – характэрныя рысы яго літаратурна-крытычных прац (кнігі «Слова і вобраз», «Шматгалоссе жыцця», «Погляд», «Абрысы» і інш.). Вядомы ён і як перакладчык мастацкіх твораў з рускай і ўкраінскай моў, аўтар кніг для дзяцей («Тараскавы турботы», «Дзе начуе сонца», «Дожджык на колах», «Нястрашны страх» і інш.). Напісаў нарыс жыцця і творчасці Я. Купалы, нарысовую кнігу «Мінск: Учора, сёння, заўтра».