Адам Выгодскі
“Пустадомкі”
апавяданне
Яфім Гаварушка
“Сумленне”
расказ
Смалявічы, 2021г.
Адам Выгодскі (Вячаслаў Зайцаў)
ПУСТАДОМКІ
(апавяданне)
Мо, родны кут цябе трывае;
пакуль ты справаю жывеш,
што росквіту яго спрыяе?!
Калі ж не косіш і не жнеш,
(Магчыма, нават і не ўломак*)
твой дом паўднюткі, раскашуеш –
усё ж ты, братка, – пустадомак,
бо быт вясковы не мацуеш…
Канец свету можна толькі ўявіць: відавочцаў ён не пакінуў. Дакладней – не пакінуў бы… Калі б калісь і быў… Бо інакш – які ж гэта канец?! Таму мы маем права на сумненне… наконт мажлівасці агульнага нябыту. Амаль адначасовага…
Іншая справа – пенсійны ўзрост. Непазбежнасць яго прыходу бяспрэчная. Сведак – хоць адбаўляй! Але ўсё ж, пагадзіцеся, пакуль ён не напаткаў вас, яго рэальнасць усведамляецца няпэўна…
У дзень свайго шасцідзесяцігадовага юбілею Сымон Кудзеля не пачуваў сябе пенсіянерам. Нават у думках не засяроджваўся на гэтай акалічнасці. Проста – чарговая ўзроставая прыступка. Ён на яе ўзняўся – значыць павінен адсвяткаваць гэтую адметную падзею. Ніхто з прысутных на гадавіне не наважыўся залічыць Кудзелю ў пенсіянеры. Слова “пенсіянер”, нават жартам, не датыкнулася вуха юбіляра. Мо на тое былі падставы? Безумоўна. Шырокія грудзі буйнагабарытнага цела Сымона, больш як на палову, аздаблялі ордэны й медалі. Урачыстасць моманту надала паружавеламу твару манументальную цвёрдасць і глянец. Вочы пранікнёна-палка азіралі прысутных.
Нават моцнага здароўя зычылі зрэдзь. Відаць усім, ці большасці, здавалася, што яго ў Кудзелі дастаткова. Пералічваліся дасягненні, жадаліся новыя, яшчэ болей значныя поспехі. Урэшце, пасля якой чаркі невядома, пачалі зазначаць, што найболей яркія здзяйсненні чакаюць юбіляра наперадзе. З малых жа аптымістычных тостаў вынікала, што Кудзеля, мо яшчэ і ўвогулле не жыў?! Дык які ж ён, Сымон, пенсіянер ?!
Напаследак Сымон Кудзеля запэўніў гасцей, што пастараецца спраўдзіць іх пажаданні. І ў гэтым “пастараецца” падсвядома адчуў неабходнасць высільвання. Бо, як раней, натуральна, ужо не атрымаецца. Але тут жа скіраваў думкі на болей прыемныя развагі…
…Шмат гадоў Сымон адбрыгадзірыў у калгасе. Ад’юбілярыў і прыхапіў нават пенсійны ўзрост. Каля года… Можна было б працаваць далей: начальства, здаецца, не касавурылася. Але стаў заўважаць, а мо надалося, што ў апошні час старшыня калгаса і галоўныя спецыялісты ставяцца да яго неяк паблажліва, ашчаджаючы… Быццам сумняваюцца: “Не той ужо Кудзеля, але ж заслужаны. Хай яшчэ пабудзе…” Не, Сымон не дасць сабе ганьбу! І неўпрыкметку пачаў бы адвыкаць ад сваіх абавязкаў: выконваў іх з усё меньшай руплівасцю. Істота Сымона нібы раздвоілася. Адна яе частка – прымірэнчая, быццам нязводна сачыла за другой усё яшчэ няўрымслівай; і бязлітасна кпіла: маўляў, як не дрыгайся, а былога імпэту за хвост не схопіш.
Кудзелю хапіла адной раніцы, каб канчаткова вызначыцца. Ён адчуў, што яго болей не турбуюць звычныя брыгадзірскія клопаты. Спакойна, без шкадавання… Нібыта апынуўся на развілку дарог… Адна – невядомая, бязлюдная ў паўтумане… Другая – падалася знаёмай і на ёй дзве постаці: яго пенсійны ўзрост у абдымку з хворасцю. Не надта вясёлыя спадарожнікі, але непазбежныя. І Сымон Кудзеля зрабіў першы асэнсаваны крок па шляху ў пенсійны нябыт:…
Пачалі пабрыньваць знямогласцю ногі: ім нямала дасталося… ва ўсіх накірунках – незлічона!– перамерыў калгасныя гоні. Вядома, быў конік, а пасля і матацыкл далі ды хіба з колаў усочыш за ўсім…
… Цяпер часу для роздуму ў Сымона хапала. Нават – залішне, бо нязменна засяроджваўся на адным і тым жа – былым брыгадзірстве. Аднатэм’е стамляла, выклікала незадаволенасць. Найбольш даймала яго, Сымона Кудзелю, адна, вызначальная развага: а ці быў ён гаспадаром? Але, колькі не напружваўся, пэўнай высновы не дамагаўся. Усё ж, відаць – не быў! Хоць рупіўся, шчыраваў, ашчаджаў, дбаў аб парадку… Такое заключэнне, хай не цвёрдае, крыху крыўдзіла. Толькі крыху, бо ў тых умовах стаць гаспадаром не выпадала. Палітыка пераважала эканоміку, падмяняла яе. У выніку цэны на сельгаспрадукцыю задавальнялі ўсіх, акром саміх калгаснікаў. Ураджай яшчэ на карані, а даўгі ўжо, лічы, праглынулі яго. Капейчына калі й наведвала калгасную касу, то надоўга не затрымлівалася ў ёй. Паспрабуй, зрабі нейкі варты гаспадарчы разлік!
Нягледзячы на гэта, скардзіцца на свой лёс у Кудзелі падстаў не было. Справа – па душы! Увагай не абышлі. Кватэру, вунь, адным з першых атрымаў. Лепшую: з усімі выгодамі. Праўда,– пад вакном зямелькі толькі з сотку. І хляўчук маленькі воддаль: мо, на дзесятак курачак. Але тады большага не патрабавалася: калгасныя справы не пакідалі часу на асабістую гаспадарку.
Зараз часу дастаткова. Нават у самую запарную веснавую пару. Сваю сотку Сымон апрацаваў без асаблівых намаганняў. Толькі не будзе ён усё лета тырчэць на ёй. Нават смешна… Ён, былы брыгадзір, які меў справу больш як з тысячай гектараў! Так меў, але ж непасрэдна ўласнымі рукамі не завіхаўся. То быў начальніцкі клопат…
Менавіта на сваім участку, на гэтай крысе, Сымон спазнаў асалоду далучэння да зямлі. Нябыта вярнуўся да сваёй былой справы. Па-новаму… Усёй істотай, якая прагла гэтага вяртання. Толькі не разгорнешся тут…
Выйсця доўга шукаць не давялося. Яно прыйшло само сабой… У дачкі Наташы ля дому ажно пятнаццаць сотак зямлі. Аддачы ж належнай пакуль няма… Гэтая акалічнасць якраз і казытнула* самалюбства Кудзелі: “Не дапушчу, каб дачка з зяцем адступіліся ад зямелькі… Утрымаю…” Падстава ў такой упэўненасці вынікала з хлебаробскага занятку Сымона: “Многіх людзей навучаў дабрасумленна працаваць на зямлі. І не без поспеху…Саўладаю і з імі”,– цвёрда вырашыў Кудзеля.
Моладзь не надта затрымлівалася ў калгасе. У асноўным не таму, што сумнавата… Не. Параўнаўча невысокі заробак не дазваляў вырвацца з палону дарагоўлі на пражыццёвыя рэсурсы. Сучасныя жа патрэбы моладзі большылі грашовы дэфіцыт… Неабходна, мо, ці не празмерна высільвацца, каб нешта мець. А навошта? Нават некалькі гарадоў – побач! Дабірацца зручна: на электрычцы, на службовых аўтобусах… Дый уласную машыну сёння прыдбаць не складана. Патрыманую, зразумела.
Кудзеля добра разумеў сітуацыю, таму лічыў жаданне прыстойна жыць натуральным. Праца на зямлі нялёгкая… Пад сілу толькі тым, для каго яна з’яўляецца прызваннем. А яно без пэўнага самаахвяравання не існуе. Калі ж не так, то і патрэба ў табе невялікая. Ды, усё ж, калі ты жывеш у вёсцы, то павінен паважаць – проста абавязаны! –– зямельку. Тым болей – не здзеквацца з яе! Такой высновы непарушна трымаўся Сымон Кудзеля. Як нягожа глядзіцца сядзіба, зарослая быльнягом! Дом выглядае панура, несамавіта, бы закінуты. Да яго пратаптана адна вузкая сцяжынка… А калі соткі й дагледжаны: трава скошана, ды, акром яе нічога болей… Ганьба таму, хто жыве тут! Столькі зямлі наўкола, а ніякай спажывы ад яе ў хату! Пустэча! Дык ці не пустадомак той, хто атабарыўся тут?! Курортнік?! Усур’ёз не ўспрымаў Сымон і дачнікаў: “Забаўляюцца на сотках…”
Вулачка, на якой жыла дачка Кудзелі Наташа параўнаўча маладое адгалінаванне ад вёскі. Навізна пабудоў курчавілася шматлікімі прысадамі. Сядзібы шчыльна асядлалі прыгорак. Збоч – невялікі вадаём у бятоннай аправе, падвышаны берагам-дамбай, які прыкметна ўзяўся кустоўем. Даволі наседжаны куточак. Маляўнічы й утульны.
Некалькі катэджаў, сярод якіх Наташын – блізняты. Цагляныя, з пабольшаным акном у зале, невялікім ганкам… Жытло – з гарадскімі зручнасцямі. Калгас паспрыяў маладым сем’ям. Дачка Кудзелі працавала бухгалтарам, а яго зяць Васіль – шафёрам. Асаблівай рупнасцю не вызначаліся, але катэдж атрымалі. Зразумела, не без намаганняў Сымона, чым і ганарыцца.
Радавацца ўбачанаму Сымону не даводзілася: толькі паўз плот, ад вуліцы, успахана палоска зямлі. Пад кветкі, відаць… Астатні ж участак – пад травой. Прычым – паголены ўжо. Не касой, – а бензадротам*! Газонакасілка ажно да карэньчыкаў траву пазмятала. “Пастараўся, зяцёк,– брыдка глядзець! Не па-сялянску гэта…” Кудзель намерыўся сплюнуць, але нечакана спасміхнуўся: яго палагоднены позірк спыніўся на яблыньцы: “Пладаносіць ужо. Які хуткаплынны час…” Сымон пасадзіў яе адразу пасля ўваходзін. Дакладна пасярэдзіне агарода. Намерваўся яшчэ некалькі пладовых дрэўцаў урад пасадзіць, каб раздзяліць участак на роўныя два. Севазварот каб быў… Па адзін бок – бульба; па другі – грады гародніны… На наступны год – мяняй культуры месцамі… Ды абставіны не пасадзейнічалі… Васіль неўзабаве развітаўся з калгасам: стаў “дальнабойшчыкам”. Следам за ім падалася з гаспадаркі й Наталля. Уладкавалася ў санаторый. Па спецыяльнасці.
“Мо, не зусім цураліся зямелькі?– нявесела разважаў Кудзель.– Вясковыя ж… галоўнае распачаць – разварушыць іх. Пасля, глядзіш, і смак спазнаюць… Здабыткі сваіх рук найсмачнейшыя. Яны й вернуць да спрадвечнага сялянскага занятку. Разварушу..!
Намер Сымона быў успрыманы даволі стрымана. Калі не абыякава…
-
Я, татачка, памочніца так сабе,– першай стала аднеквацца Наталля.– Работа ў санаторыі адказная. Шмат часу патрабуе…
Дачка пачала паўнець, але глядзелася зграбна, нават – прывабна. Чорныя рухомыя вачаняты так і іскрыліся смяшынкамі.
-
Тым болей я – тыднямі ў рэйсах, – нехаця падтрымаў жонку Васіль.
Заўчасна палыселы. Летуценны, невыразны позірк блукаў недзе паверх галавы субяседніка. Нос крыху ўздзёрты. Здавалася, што гаспадар яго ўвесь час нечага прынюхваецца. Выява ганарліўца…
-
А дзве ўнучкі для чаго? Амаль дарослыя ўжо,– паспрабаваў падвесяліць размову Сымон.
-
Ім вучыцца трэба! – рэзка, ледзь не зласліва, запярэчыла дачка.
“Што ж, Сымон, пакладайся толькі, мабыць, на сябе. Пажывем – паглядзім…” Кудзелю нецярплівілася хутчэй узяцца за справу, таму раўнадушша дачкі й зяця пакуль не надта турбавала яго. Дый не вельмі разлічваў на іх актыўнасць.
Знаёмых у Кудзелі хапала. Яны й падсабілі… Гнайку на соткі завезці, узараць іх мотаблокам… Бульбу саджалкай укінуў… Сяк-так агораў грады. Крыху дачка дапамагла, унучкі прыхінуліся. Знямогся Сымон… Адчуў, што імпэту, мо толькі на адзін год і стане. Але змушаны быў яшчэ пашчыраваць. Патрэба ў парсючках вымалёўвалася: лішкі, рэшткі гародніны куды падзець? Не выкідваць жа. Пустазелле таксама згадзіцца. Па-гаспадарску трэба…
Быў хляўчук, але Сымон змайстраваў павець. Дастаткова: навошта зімой увіхацца ля жыўнасці. Для большай зручнасці падлогу-памост падвысіў на паўметра. Неахайна скінутую ў кучу сілікатную цэглу вырашыў скарыстаць на будаўніцтва куханькі. У ёй, напэўна лепей будзе, чым у хаце на газавай пліце, рыхтаваць свінням ежу. Неахвотна, але ўсё ж пагадзіўся дапамагчы зяць. Яго няўмельства ўразіла Кудзелю. Васіль падоўгу няўцямна круціў у руках дошку ці цагліну, не ведаючы куды іх прыткнуць. А, можа, прыкідваўся няўдакім? Каб стары хутчэй адчапіўся…
… На сядзібу дачкі Сымон спяшаўся амаль штодня,– бы раней на работу. Дома яго, лічы, нішто не затрымлівала: ужо хутка тры гады, як не стала жонкі. Зямля зноў захапіла Кудзелю сваімі клопатамі. Звычнымі й яшчэ болей неабходнымі. Ён адчуваў сябе патрэбным, менавіта, будучы на сваім месцы. Акучыў бульбачку. Даймалі каларадскія жукі; але не трушчыў іх, а збіраў… Вызначаліся пражэрлівасцю парсючкі: балазе, пустазелля хапала… Сымон высільваўся, ды нязменна цешыў сябе надзеяй, што жыхары катэджа ўсё ж прыхінуцца да зямелькі. І ён, Кудзеля, іх зблізіць. Уласным прыкладам рупнасці й любасці.
… Сымон ці не кожную раніцу любаваўся прыгажуняй-яблыняй. Яе ярка ружовыя, крыху ў палосачку плады, бы ліхтарыкамі свяціліся на фоне ўзыходзячага сонца… Сакавітыя, умеру кіславатыя, пахкія, яны гарманічна запаўнялі росны, злёгку прахладны ранак. Ад такога заварожваючага відовішча станавілася хораша і ўрачыста на душы. Але спакваля падступаў смутак: “Ужо мінулі ўсе спасы, а ніхто не спакусіўся на гэтую прыгажосць – яблыкі некранутыя… Як можна незаўважаць гэткі цуд?!” Такая абыякавасць крыўдзіла Кудзелю. Паімкнуўся падбадзёрыць сябе: “Гэта ж так запрацаваліся, што нічога не заўважаюць наўкола…”
… Апошнім дамоў з’явіўся Васіль. Фура цяжка ўздыхнула; доўгі, крыты брызентам кузаў, загрувасціў поплаў* ля плота ўсцяж вуліцы. Надвячорак яшчэ не браўся прыцэпкам: толькі насупіўся далягляд. Сымон скмеціў на стале ладную накрыўку з бачка і падаўся за ёй. Стол уяўляў прадаўгаваты шчыт, прымацаваны да двух слупкоў, укапаных у зямлю. Кудзеля выбраў самыя буйныя і прыгожыя яблыкі; склаў іх пірамідкай у накрыўкі; абдаў струменем вады з-пад крана, што вытыркаў са сцяны дома на двор. Яблыкі заіскрыліся, бы вугельчыкі не ветры. Чырвонабокія тонка духмянілі й апетытна паблісквалі кропелькамі вады…
Калі Сымон пераступіў парог, спасцярожліва несучы яблыкі, ў зале ўжо запалілі святло. Дачка ўвіхалася на кухні, унучкі сцешыліся ў сваім пакоі. Васіль – адпачываў: чмыхаў у напрамку экрана тэлевізара сваім уздёртым носам. Відаць рэклама зяцю не вельмі спадабалася: яна ж надта зацягнулася… Сымон быў рашуча накіраваўся да стала, але праз два крокі спыніўся. Рэзка, бы наткнуўся на перашкоду. Рука, што трымала яблыкі, дробненька трымцела. Сымон утаропіў нязводны позірк на вазу з яблыкамі, што стаяла пасярод стала. Складвалася ўражанне, што ён убачыў там нешта незвычайнае. Між тым, гэта былі толькі буйнаватыя зеленаватага колеру з белым адлівам плады…
-
Адкуль? – зласліва працэдзіў Кудзеля.
-
Купіла… Нашы бралі, вось і я таксама.., – праляпятала Наталля, адчуваючы незадаволеннасць бацькі.
-
Сваіх жа хапае… Вось..,– Сымон акуратна паставіў на край стала накрыўку з яблыкамі. Выцягнутая рука на момант застыла ў нерашучасці, а затым парывіста скіравалася да вазы. Хуценька выхапіў яблык, нібы гарачую бульбіну, і, не марудзячы, надкусіў… Здзіўленне, няўцямнасць, нарэшце – расчараванне і агіда… адбіліся на твары Кудзелі.
-
Сена і то смачней… Хоць пах прыемны мае, – Сымон гідліва кінуў яблык на стол. – Муляж! Свой жа – смаку натуральнага ўвабраў… Родны куточак яго сілкаваў, песціў… На, вось – паспрабуй..!
Ірдзісты плод з самага каптура пірамідкі момантам апынуўся ў чэпістых пальцах Кудзелі й тут жа спланіраваў пад саменькі нос зяця: быццам крывавая бурбалка ўздзьмулася. Васіль адрэгаваў вокамгненна – яблык урэзаўся ў сцяну і разляцеўся на кавалкі. Ускочыў, бы ўджалены, неверагодна выпрастаўся – няйнакш яго прэнь працяў*… Фізіяномія на момант непазнавальна перайначылася. Яе так здрасавала злосць, што ператварылася ў камяк фаршу: чырвона-сінюшны…
-
Ненавіджу! – раз’юшана прахрыпеў Васіль. – Ты ржавы болт з прэса, які гадамі выціскаў сокі з селяніна..!
-
Што ты вярзеш? – ад нечаканага павароту сітуацыі Сымон разгубіўся. Голас сышоў на шэпт:– Ды ў мяне ўзнагарод болей, чым у цябе гузікаў на апратцы…
-
То ж спраўны быў – увішна* круціўся! – Васіль здзекліва рагатнуў.
-
Я людзей карміў! – гучна выдыхнуў Сымон.
-
Ён – карміў… Так стараўся, што сам селянін ледзь зводзіў канцы з канцамі…
-
Не ад мяне тое залежала… Я працаваў сумленна… Самааддана… Не горай за многіх іншых, – Кудзеля адчуў, што яго довады нагадваюць апраўданне – чаго дапусціць не мог!– і змоўк.
-
Я таксама натужваўся! – Васіль кіпеў. – Любіў свой куточак… Спадзяваўся на ўзаемнасць… Ды толькі – дарэмна… Бо калі высільваўся павінен мець адпаведную аддачу. Грашовую! А я што меў? Цяпер жа я за адзін рэйс зарабляю больш, чым за месяц у калгасе. І адчуваю сябе нароўні з іншымі…
-
Акром грошай, ёсць нешта болей важнае,– амаль спакойна зазначыў Сымон.
-
Па сабе мераеш… Хлебаробскім прызваннем казыраеш! А яно ў мінулым… Як, дарэчы, і ты… А мне мой куточак здрадзіў; і я зненавідзеў яго! Жуком гноевым быць не хачу…
-
Гэта ты вёсцы здрадзіў, – без асаблівага хвалявання адрэагаваў Сымон.
-
Не здрадзіў, а разверыўся! І абыйдуся без тваёй зямелькі! Прынцыпова…
-
Пустадомкі вы..,– сцісла прамовіў Кудзеля.
Палічыў, што большай абразы не існуе; і спавольна падаўся да парога. Наталля паныла-насцярожана стаілся ля газавай пліты. Сымон безуважна азірнуў яе, млява ўсміхнуўся: “Усё чула і ні слова… Відаць, са сваім згодна…” Ціха прычыпіў за сабой дзверы. Мог жа грукнуць напаследак. Ды навошта: пустадомкі нявартыя яго злосці. Нават шкада іх…
… Кудзеля болей да дачкі не наведваўся. Гадзінамі праседжваў на лаўцы ля пад’езда свайго дома. А праз які час перасеў на інвалідную каляску. Падоўгу ўзіраўся ўдалячынь: чуйна прыслухоўваўся, бы чакаў нечага… Яго непакоіла нешта надзвычай важнае… Вядома, мо, толькі гоням, якія спараджалі новы ўраджай… У хуткім часе Кудзелі не стала…
… Імкліва-зменьлівы час… Ужо ўнучкі Кудзелі займалі сваіх дзяцей… Толькі прысядзібны ўчастак Васіля ўсё такі ж: паголены бензадротам, да карэньчыкаў… Дзесьці чвэрць яго займае драцяная вальера: у ёй роскашуецца сабака. Нават беспародная. Пад сцяной хляўчука – лодка: усё сніць гладзь вадаёма. На сонцапёку – велічэзны парасон-альтанка. Тут жа – гумавы басейн, некалькі раскладушак, пластмасавых крэслаў…
… Пасярэдзіне падворка – прыгажуня яблыня. Штогод шчодра абсыпана агністымі пладамі. Абцяжаранае імі галлё мкнецца долу. Адна, ніжняя галіна, была дастала яго. Нібы схілілася ў паклоне: маўляў, частуйцеся яблыкамі… Але насельнікі гэтага дома патрэбы ў іх не маюць. Галіну ж, каб не перашкаджала прагульвацца па газону, адпілілі. Шчытна пры кроне. Засохла яблынька побач. Яе спілавалі пры самай зямлі, каб і след не значыўся…
Разы са два ападкі, якія густа ўсцілалі зямлю, збірала суседка. Вохкала, прыгаворвала… Пэўна шкада было марна гінучага ўраджаю…
Неяк унучка памкнулася выказаць сваё захапленне:
-
Дзядуля, паглядзі, які прыгожы яблык, – і працягнула ручку з пунсовым плодам Васілю.
Дзед злосна зыркнуў у бок унучкі, кінуў варожы позірк на яблыню, і, падалося, крыху адхіснуўся: нібы замест дрэва накірсціўся* стары Кудзеля; незадаволена чмыхнуў і заспяшаўся прэч.
Але патрэба ў яблыне ўсё ж была. У птушак. Галлё падоўгу не развітвалася з часткай пладоў – да позняй восені, а то і да зімы, – бы знарок дэманстравала іх прыгажосць. А яны, нават падпражаныя марозам, былі чырванаватыя: глядзеліся гожа і вабна. Часам здаралася нат на Новы год, птушкі ўрачысцілі куточак: асабліва, калі гасцявалі снегіры… Пачастунак яблыні ахвотна прымалі шпакі, дразды, амялушкі… Не адмаўлялася ад дэсерту і цётухна сарока.
… Нарэце патрэба ў яблыні з’явілася і ў Васіля. Вычварная. Пад яблыняй ачуліся шэзлонгі, крэслы… Мусіць, прывід Кудзелі ўжо не наведваў яго: час зафіраніў перажытае… Але ж яблыкі давядзецца сарваць: каб часам які не сапсаваў адпачынак… А то і па лабэціне можа агрэць… А не шкодзіла б…
*уломак – старый, квёлый человек
*казытнула -вызвало лёгкое нервное раздражение
*бензадротам — (авт) имеется в виду проволочная газонокосилка — триммер
*загрувасціў поплаў — загромаздил заливной луг
*прэнь працяў – пронзил железный прут
*увішна — проворна, ловко
*накірсціўся – набросился
Яфім Гаварушка
“Сумленне”
(расказ)
Калі Лявон пераступіў парог хаты, сын кінуўся яму насустрач.
– Тата! Татачка! А цукерак прынёс?
– На кавадле* цукерак не куюць, сынок.
Хлопчык зморшчыўся.
– Ну вось. А яшчэ абяцаў…
Лявон узяў на рукі Лёньку, пацалаваў у ружовыя шчочкі, але бацькоўская ласка не цешыла цяпер, не радавала хлопчыка. Ён вырваўся з абдымкаў і адбег.
– Чакай, сынок, я пажартаваў… Ёсць цукеркі.
Загрубелай рукой Лявон выцягнуў з кішэні невялікі скрутак. Узрадаваны Лёнька спрытна разгарнуў паперу, крыкнуў:
– “Залаты ключык”! А “завадны карабельчык” не прынёс?
-
Калі буду ў горадзе, абавязкова куплю.
-
А саначкі зробіш?
Лявон ледзь прыкметна кіўнуў галавой.
– Мамачка! Татка санкі мне зробіць!
Тэкля, маці Лёнькі, мыла бялізну. Пачуўшы гамонку сына, падняла расчырванелы твар.
-
Ён два месяцы ўжо санкі робіць, хутка зіма скончыцца.
-
Вось і няпраўда! Зіма толькі пачалася, бо дзед Мароз яшчэ цукерак не даваў, – запярэчыў Лёнька.
-
Ты, мабыць, чалавеча, балты свае розныя з паветра куеш?– звярнулася да Лявона жонка.– Чаму Юрка Завадніцкі вунь якія санкі зрабіў? Паглядзець люба. А ты заўсёды адно: жалеза. Хіба яго няма на лесапункце?!
Лявон ніколі і нічога не ўзяў для сябе: ні жалеза, ні палена дроў… Наадварот, калі і знойдзе кавалак жалеза, падыме, абдумае, якую рэч можна зрабіць, і абавязкова прынясе ў кузню.
-
Не магу я красці, як Завадніцкі,– ціха адказаў Лявон.
-
А ты не крадзі! Ты ціхенька, каб ніхто не бачыў, знайдзі адыходы…
-
Чужое ўзяць – сваё згубіць!– Лявон адышоў ад жонкі і стуліўся каля вакна. Праз шыбу было відаць, як на знадворку мігцела лямпачка і гойдаліся на шкле чорныя цені голых галінак купчастага клёна.
-
Вось Юрка Завадскі, хай яму немач, нябось, лепшым чалавекам на лесапункце лічыцца,– не адступала Тэкля.– Яму прэмію далі і грамату… А пра цябе і голасу людскога не пачуеш.
-
Няпраўда гэта!– Лявон сеў на ўслон, што стаяў каля акна, задумаўся.
Неяк аднойчы механік ніжняга склада Гарабей, Лявонаў начальнік, прапанаваў у нарадзе прыпісаць работу, якой каваль не рабіў. “І табе, чалавеча, грошы будуць, і мне палавіну дасі”. Лявон так зірнуў на механіка, што той адхіснуўся і замахаў рукамі.
-
Вось чумны! Жарту не разумеешш. Турма па табе сумуе! ..
Мінулае, якім не раз папракаў Гарабей, узнікла перад вачыма Лявона.
… У вёску прыйшлі немцы. Бацька Лявона, каваль лесапункта, стары, кульгавы, скупы на словы і дужа працавіты чалавек, нікуды не выходзіў с хаты, многа курыў: “Што робіцца на белым свеце?” І мацней прыціскаў да сябе дванаццацігадовага Лявонку…
У памяшканні школы змясцілася камендатура. Маладая настаўніца Лідзія Мікалаеўна знікла і толькі калі-некалі ўначы з’яўлялася ў вёсцы, заўжды патайком забягала ў хату да Кандрата Сеніжа, вяла ціхую гамонку… Да Сеніжа заходзілі і нямецкі камендант з паліцаем, былым кулаком Васілём Лізуном, які з’явіўся ў вёсцы разам з гітлераўцамі.
-
Будзеш, Кандрат, старастам над мужыкамі,– загадаў аднойчы фашыст.
Кандрат спачатку адмаўляўся, потым, як не прасіў яго сын, згадзіўся.
-
Нямецкі прыхвасцень,– гаварылі пасля ўслед Лявону вясковыя хлапчукі.
Аднойчы, калі ўначы прыходзіла Лідзія Мікалаеўна, бацька даў Лявонку нейкі дзіўны шнур.
-
Аднясі на хутар Вастравок і аддай Антону Купрыенку. Толькі глядзі, каб паліцаям у рукі не папаўся…
У тую ноч партызаны ўзарвалі на чыгунцы мост. А на другую ноч каля гумна знайшлі забітага Кандрата… Розныя хадзілі па вёсцы чуткі: адны казалі, што старасту знішчылі партызаны, другія сцвярджалі, што каваля забіў сам нямецкі камендант. На доўгія гады гісторыя засталася патаемнай старонкай у жыцці Лявона. Як даказаць ісціну: самога яго разам са старымі і юнакамі хутка вывезлі ў Нямеччыну. Пасля няўдалага пабегу пад канвоем адправілі ў канцлагер Бухенвальд. Праўду пра бацьку ведала Лідзія Мікалаеўна. Але яна загінула. Разгубіўся Лявон. А тут яшчэ Гарабей…
-
За бацьку-старасту, за тое, што працаваў на немцаў, цябе даўно трэба было пасадзіць у турму!
Ад сустрэч з майстрам на сэрца ціснуў камень. Лявон рабіўся яшчэ больш панурым, маўклівым, нярвовым. …
Назаўтра Лявон, як заўсёды, спяшаўся на работу. Каля новага дома, дзе жыў Юрка Завадніцкі, ён на момант спыніўся. На двары стаялі новенькія жалезныя санкі. “Праўду казала Тэкля: і час, і метал знайшоў. Ды і сам у гонары. А я?..” У глыбокім роздуме ён прыйшоў на лясны склад. Каля дыспетчарскай будкі стаяў матавоз з некалькімі пасажырскімі вагонамі. Рабочыя з сякерамі чакалі адыходу цягніка на дзялянкі. Лявон прывітаўся.
-
Ці не з намі збіраецеся, Лявон Кандратавіч?– спытала тоўсценькая, з вяснушкамі на ружовым твары дзяўчына. Яна трымала ў руках два скручаныя сцяжкі: зялёны і чырвоны.
-
Сваёй працы шмат, таму раней і прыйшоў,– адказаў Лявон.– Майстра не бачылі выпадкова?
-
У дыспетчарскай. Кубатуру, што вывезлі ўчора, звярае.
-
Перакажыце яму, калі ласка, няхай бусакі* з кузні возьме: учора зрабіў.
-
Мы іх захопім, Лявон Кандратавіч!
Два маладыя хлопцы ў чорных, зашмальцованых* камбінезонах, абганяючы адзін другога, пабеглі да кузні.
-
Слаўныя рэчы! А гаварылі, што жалеза патрэбнага няма,– заўважыў адзін з хлопцаў. Усе рэшткі сабраў,– адчыняючы дзверы кузні растлумачыў Лявон.
Ён заўсёды працаваў сумленна. І цяпер адразу пачаў каваць, каб заглушыць крыўду на ўсіх: на Гарабея, на Юрку Завадскага, на жонку. “А пра цябе і голасу добрага не пачуеш”,– калолі словы і прыводзілі ў роспач. “Санкі… А чаму б не зрабіць?” – Лявон выйшаў на задворак, схапіў два доўгія кавалкі жалеза, сунуў іх у снег і прытаптаў нагой. У галаве нейкі малаточак стукаў: “Злодзей, злодзей, злодзей…” У кузню неўзабаве забег Гарабей, спытаў пра штыры для штабялёўкі драўніны. Хуткая і нечаканая гаворка схамянула Лявона, раззлавала.
-
Ты хоць бы прывітаўся спачатку, а потым ужо гаварыў пра свае патрэбы… Жалеза патрэбнага няма, хоць згінь!
-
Што ж рабіць?
-
Я ж вам паказваў свае прапановы.– Лявон пацягнуўся да чарцяжа.– Калі ласка, паглядзіце…
… Увечары Лявон прыйшоў дамоў позна. Яго, як заўсёды, першым сустрэў Лёнька.
-
Санкі прынёс, татка?
-
Прынёс, зірні, якія цудоўныя!
-
Мама, тата санкі зрабіў!
Твар Тэклі на момант прасвятліўся. Але, калі яна ўбачыла санкі, пафарбаваныя ў блакітны колер, усё зразумела…
-
Можа, скажаш, сам зрабіў? Што, грошы няма куды дзець?
-
У магазін якраз прывезлі. А грошы? Сумлене даражэй за ўсё.
*кавадла – наковальня *бусакі – багры
*зашмальцованы – засаленный
ЗМЕСТ:
Адам Выгодскі ПУСТАДОМКІ ………2
Яфім Гаварушка СУМЛЕННЕ ….…….7
Складальнік: А.Г.Марозаў
Кампьютэрны набор: А.Г.Марозаў
Рэдактар Л.М.Дзяркач
Падпісана да друку: 31.03.2021г.
Тыраж: 25 экз.
222201 г.Смалявічы, вул. Савецкая, 132
Смалявікая цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Багдановіча
ЗАЙЦАЎ ВЯЧАСЛАЎ ІВАНАВІЧ (Адам Выгодскі)
(3.02.1948 г.- 3.09.2014г.)
Нарадзіўся ў в. Выгода Капыльскага раёна ў сялянскай сям’і., член СП Беларусі, празаік, публіцыст, паэт.
ГАВАРУШКА ЯФІМ МАКСІМАВІЧ (15.10.1911 – 3.6.1992)
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў в. Востраў Рагачоўскага павета Магілёўскай губерніі (цяпер Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці) празаік, публіцыст.