Адам Выгодскі

(Зайцаў В.І.)

ВАМІ СПАРОДЖАНЫ”

паэма


Смалявічы, 2016г.

***

Толькі ў казцы бяда – не бяда,

калі нават герой памірае, –

уваскрэсіць жывая вада…

Быццам той размінаецца з раем…

Мая памяць – жывая вада…

Мо, не цуд, ды сапраўднасць спрыяе:

калі часам прыходзіць бяда,

мілы вобраз на стрэчу вяртае…

Мая памяць – жывая вада:

уяўленню і смерць саступае…

Абмінае любая нуда,

калі памяць мая пажадае…

Часам горач навее ўспамін…

І не спынеш яго – сіл не маеш…

Толькі клінам, мо, рушыцца клін?!

Ты жывеш – пакуль ты спамінаеш!

I.

Чэзне вёсачка Выгода

між Капыльскіх далячынь:

усё менее народу,

вачаніцы мруць хацін…

Сцеле замяць забыцця

белыя прагаліны:

замест сцежкі да быцця –

памяці праталіны…

Час настаў – спяшаюся:

мкну, скачу па іх… назад…

З тымі зноў спаткаюся,

што праясняць далягляд…

Многім абавязаны,

бо яны, відаць, я сам –

імі я спароджаны!

Мы нясём адзіны крыж!

Звыш наш шлях узгоджаны!

Не зямной уладай – Звыш…!

Незамежна ад прагрэсу

мог пражыць вясковы люд:

у прыпрэжку з полем, лесам

умацоўваў родны кут…

Пекар, бондар, ці шавец –

кожны – майстар ад нябёсаў:

адмысловы, варты спец,

бо інакш – галодны, босы…

Нат спяцоў цяпер замнога

(сведкай, бач, таму дыплом!)

дый ці ўсе яны – ад Бога?!

А жывуць жа – рамяством!

Шар – Зямны! Яшчэ ўяўны:

нашых думак, паімкненняў –

звар’яцелы, самаўпраўны,

падуладны так імкненням…

Два Шары! Адна – Арбіта!

Сутыкнуцца незнарок –

не пазбегнуць нам нябыту!

Саступі ж, хацяб на крок

са шляху таго прагрэсу,

што супраць самой прыроды!

Будзь удзячны полю, лесу..,

да цябе, што жыў – Народу!

Мне вясковы шчыры Люд

даражэй за ўсе Імёны,

за любы прагрэсу цуд!

На Жыццё бо бласлаўлёны

Земляроб, народ вясковы!

Ён – пачатак і працяг

Звышразумнае Высновы,

што Быццю праклала шлях…

II.

Тлуміць мудрыя галовы,

шчэміць загваздка адна:

Плыў спачатку Дух хваёвы;

ці раней расла Сасна?!”

Першасць яйка ці квахтухі,

больш за вечны рухавік,

начаняе думцам Скруху…

Ды імчыць жыцця Цягнік…

Чым жа Розум уступае?!

То ж – задумы праектуе,

зноўку нешта спараджае…

Цела ж – бурна прэзентуе

вынік працы карпатлівай!

Пірамідаў тых загадка…

Розумам якім і сілай

уладаць патрэбна, братка,

каб узняць пад небасхілам

гэткі Цуд – вянец умення?!

Мо, Звышрозуму пад сілу

іх задума і стварэнне?!

Пліты робаты-гіганты

узнімалі, быццам цацкі…

Іншых гульняў варыянты

напрыдумваў Розум хвацкі…

Надаедным стаў занятак –

забаўляць сябе самога;

і стварыў ён Разумнятак –

Чалавечкаў, нат замнога…

Мікраатам звышразумны

ён змясціў у кожным целе;

непакой каб плоці тлумнай

немінуча ў… атам цэліў –

запаліў душу нарэшце!

Творцаў нарадзіў Магутны –

аб’явіў сваё Прышэсце!

На Зямлі ён стаў прысутны:

праявіўся ў Разумнятах…

Хто жа зараз пераможа?!

На вышынь такую ўзняты!

Кожны – час адсунуць можа!

Вось м я – гадкі скірую:

у дзяцінства, да Выгодцаў,

за пару нат значна тую…

Неяк пан тутэйшы гоцаў:

раз’язджаў на фаэтоне,

захапляўся дужа гучна:

От выгода дзе на ўлонні;

жыць тут будзе надта зручна!”

Не пазбегнуць панскай волі:

без людской на тое згоды

неўзабаве на прыволлі

пасяліўся люд Выгоды…

Чым жа пана працяла,

на разлік які натхніла

родных месцаў даўніна?

Тут зямелька нат радзіла.

Лес, як кажуць, пад рукой.

Поруч – паша, сенажаць…

Горы звернеш талакой!

Ды з балоцін сена ўзяць…

(Іх замнога і лужкоў)

А паляны – пад палі…

Праца прагла мужыкоў!

Гэта ўсё было калі…

Я ж – кірую ў маленства…

Вёска трызніла тады

гарадское падабенства…

Здзек уладнай Тамады:

Дваццаць год – і ў камунізме!”

Абнадзеіў вельмі лоўка

нат слабых у аптымізме.

Людзі ж мыліся ў начоўках!

Абагуліў працадзень

рупнага і лежабока…

Цягавіты – хутка ў цень:

камунізм жа – недалёка!

Напінацца – не дажыць

да пачатку Дабрабыту!

Трэба жыццем даражыць…

Мала цешыў рай нябыту:

хто вярнуўся, распавёў

пра жыццё пад Боскай ласкай?!

Тут жа – лысы Шчодраслоў

абяцаў зямную Казку…

Спадзяваннем жыў народ:

(Бо не мае права згінуць.)

То на ўраджай, прыплод..,

небыліцу, што падкінуць…

III.

Дзіцем звонку лепш жыццё

сузіраў праз неба сінь –

недарослае быццё…

Толькі памяці глыбінь…

Вёска наша – больш на ўзвышку.

Вуліцу – з вярсту, бадай.

Пасярод – вышэй, на крышу:

мо, каб край не бачыў край;

і цікаўныя Выгодцы

глуш інтрыгаю балі?

Бы таго канца… усходцы

патаенней іх былі…

Мелася сядзіб ля сотні…

За дварамі – край навозаў;

паваротак – роўніў соткі…

збоч рабіны ды бярозы,

хмызняку чубочкі зрэдзь…

У прысадах і садах

вёска значылася ледзь.

(Чарапічны – рэдкі дах)

Гонта, дранка і кулі…

Пасяленне з лесу родам,

не лічыць, апроч, калі

печкі, печы з дымаходам…

Нават з каменю аснова

не пад кожнаю хацінай.

Меней кідкі край паўднёвы,

ды багаты вартай глінай.

Выган, дзе не камяні, –

гліна-цеста, жвір выдны…-

Хадавыя выкапні –

ямы рознай даўніны,

аж кар’ер – разрэз гліняны

(За гародамі адмеціна).

Нат Цагельнаю названы:

вырабляць цагліны мецілі…

Ды заглох на паўдарозе

той праект абвешчаны.

На Гулевіцкай аблозе,

збоч шашы размешчаны

ўрэшце той завод цыгельны.

(Вёрст за восем ад Выгоды).

Ды выпадак не пякельны:

наваколлю меней шкоды…

Гліны шмат – усім стае.

Быту лепей так умовы:

печ не зменіш без яе,

так не будзе адмысловы…

Чую нечыю нязгоду:

Мо, каб заводзік той,

змога мінула б Выгоду?”

Ты пастой, дзівак, пастой…

Гліны скончыўся б запас…

Ад зямлі адвыклі б людзі –

знік бы нават свінапас…

І куточак – абязлюдзеў…

Звыш умельства даравана

Разумняці кожнаму.

Дабрынёй наканавана

быць жыццю заможнаму…

Хто ж умене тое бэсціць,

збыцца марам не дае?

Лёс, мо, моцна нас пярэсціць,

ці чагосьці не стае?

Паступова разумняты

корань жыткі смакавалі.

Дужым – лепшыя дзяўчаты:

з першабыту слодыч бралі…

Інтэлект рамесны многіх

ад зямелькі адлучыў, –

у каменныя бярлогі

гонар, пыху затачыў…

Так няроўнасць пачыналі

свет карысны, згубны шлях.

Як з’явіўся Абірала,

за адзін якісьці мах

сілай згроб усіх багацце, –

абвясціў сябе Ўладай…

Вось адкуль няроўнасць, браце!

І не стала ў жыцці ладу…

Прагнуў большам Уладар:

темя рабавала племя,

гаснуў творчы Божы дар,

гінула дабросці семя…

Не прыватная, мо, уласнасць

бурыць свет і нішчыць лад,

вымушае жытку гаснуць, –

а Ўладны хіб-Прыват!

Край яшчэ адмету мае:

з Жыліхава ў лес вужае,

Глінішча ўпрытык мінае,

кончык вуліцы крыжуе,

вулачку на тры хаціны

шлях гравейны ўтварае.

А ўсцяж платы-жардзіны…

Хто сюды не завітае,

позірк пільны стрэне ён

нават некалькіх вяскоўцаў.

Навіна – тут за мільён:

прагнуць нат нямнога слоўцаў.

Жыліховы ўсё ж – сяло:

лепш народ інфармаваны.

Лесу захіне крыло

землякоў у час паганы.

Жыліхоўцы ў чыстым полі;

і дарог наўкол нямала…

Жыць, хавацца ад нядолі

небяспека вымушала

Знаць, названы так куток:

сэнс празрысты – ад умоў…

Лес глухі, дрымучы ў бок

Глінішча і Паплавоў

Орлікам назначаны.

Назва ад вады такая:

бачна ўкруг, загаціны…

Вадазборам патыхае…

Край ад Вулачкі… уніз

аднабокі, гразкаваты…

Выган, едлаўцовы хмыз.

Справа – туляцца дзве хаты.

Злева – хат тузін, да бору:

дый не вуліцы паўз іх –

сцежка, а ў павадзь – мора…

Вось такі нарэшце штрых.

IV.

Той канец, паўночны значыць,

перавагі меў над гэтым.

Нельга тое перайначыць,

як зіму, бадай, на лета.

Збоку крыху, на… узвышку,

перш – гумно (мясцовы гмах),

кузня, ферма, а ў зацішку –

ледзь відзён канюшні дах.

Коней гойсаў табунок

ў загародцы між хацін.

Быў вяскоўцам скакунок:

поплеч жыў нат – не адзін!

Ён ваду з карыта піў

заімшэлага, з калоды.

Журавель” каню служыў.

(Лепей не знайсці выгоды.)

З акаванага вядрыска

(Ці цабэркам выраб чуўся?)

ліў ваду, наўкола пырскаў,

зноў над зрубам студні гнуўся…

Як прысядзе “журавель”,

ношка аж на вуліцы…

І такая карусель,

што да плоту туліцца

той выгодзец, як у краму

за патрэбай кончай шпарыць:

за Антосеву мкне браму.

Там, у сенцах, ён гандлярыць.

Дальні той ускраек вёскі

стаў пачаткам назаўсёды:

першы крок да школьнай дошкі

шлях праклаў праз перашкоды.

Наша школка-пачаткоўка

так сабе, не на паказ.

Невялічкая бакоўка

для настаўніцкай якраз.

Пераборка напалам

памяшканне дзеліць роўна

на чатыры класа. Там

мы – падшпаркі, хоць і поўна,

шчыравалі ў ціхай згодзе…

Жонка з мужам выкладалі –

Вера, кіраўнік – Валодзя.

Талент мелі, надта дбалі.

Мінеш школку і… канавы…

Праўда, ёсць з трубы масток.

Вузкі шлях на Семяжава…

Збоч – пагост, лявей – лясок…

Назву вёсцы ўраз далі.

Заснавалі – ахрысцілі:

Вожыкаў жытло знайшлі –

аж сямёра налічылі!

І не зводзіцца народ

у сяле тым Сяміжава:

калі тысячы ўжо год

не пусцее ў хатах лава…

Побач – вёска Кіявічы

славіцца заўжды царквою.

Кіевам хоць і не клічуць,

але ж сталася такое…

Баюць, бы ва ўказе Вышнім

хто знарок прыставіў “ічы…”:

Кіеву асечка выйшла –

храм узнёсся ў Кіявічах!

У Выгоде – пасярод,

ля Язэпавай хаціны,

часта тупае народ –

ёсць патрэба… у машыне…

То ж – адзіная на вёску:

газік” нат не дужа коціць.

Чарку, мо, за перавозку…

Грошай бо Язэп не просіць…

Збоч ад вёскі, пад лясок,

дзве сядзібы ў зацішку –

быў бы, можа, хутарок,

каб пасёлак не так блізка:

рад хацін, поболей новых –

парасткі самой Выгоды.

Сем’і тых сыноў вясковых,

захацелі што свабоды…

Так супольнасць і расце,

звычкамі сталее, мовай…

У вясковай немаце

тчэцца нацыі выснова.

Разумнятак ад зямлі

мудрасць па жыцці вяла.

Грэх і блуд каго гнялі,

вірусам дурносці, зла

заразіліся – Вар’яцтва!

Дурнянаты – наша племя!

Мкнуць вучоныя дазнацца

жыцця першаснае семя,

што сабою ўяўляе?

І ганяюць… фазатроны

нешта, што пачатак мае.

Толькі труб гудуць загоны…

Антырозуму драбіца –

вірус, мо, – дурносць людская,

ні дае ніяк злавіцца…

Хто ж вучоным паспрыяе?!

V.

Гоняў здаўна небагата

у Выгодцаў, ды не гора:

шмат балотамі занята

вокала сядзіб прасторы –

жыўнасць корміцца Прыродай…

Сенажаць – куп’ё і хлюпа…

Толькі й у тым выгода –

дармавое! Што ж да пупа…

Ён трашчаў, лічы, заўсёды.

І таксама дармавы.

Не было б другой нагоды…

Кут такі наканаваны…

Захавай паперы бель

тых балоцін прозвішчы:

Ямнае, Казёл, Рубель,

Паплавы, Дарожышча,

Выжар, Кенікаў лужок, –

помныя адмеціны!

Кружыць забыцця сняжок, –

след да іх замецены…

У лясную завадзь-сховань,

бы плыты, палі прысталі.

Першы прашчура тут “Човен”

праглынулі шаты-хвалі.

Лашчыць Востраў і Паляну

далягляд – затон сасновы.

Пашы баюць калыханку

здаўна Вербнік і Дуброва.

Чым займаліся Выгодцы,

кром жывёлы, сенакосу?

Мелі клопатаў бясконца:

ледзь змахнуць расінкі поту

паспявалі ў запар…

Бульбу так раней саджалі:

коней плужных колькі пар,

бабы следам паспяшалі –

што цягло без іх падмогі?!

Жыта сеялі, авёс,

буракоў цукровых – многа…

Кожны ім старанне нёс:

паўгектара – на падворак

мераў спраўна брыгадзір.

І – ніякіх адгаворак.

Цукар – справе камандзір!

У галоўках і пяском –

натуральная аплата

крыху слодач несла ў дом…

Жыць было саланавата…

Больш ласунак для дзяцей,

бо яго не так багата.

І калгасу, мо, лацвей:

глум вытворчасці рагатым –

з сечкай ячнай рацыён.

Болей тлумная турбота –

давясці да ладу лён…

Гнуцца ў полі ў спякоту,

асабліва пранікам

малаціць снапкі з-за вуха.

(Не было механікі.)

Толькі пніся: бухай, бухай…

На матуль і памагатых

клопат той вярэдай клаўся.

Лён развозілі па хатах,

як у росах абляжаўся.

Месцім трасту сушыцца:

нават дзеда з печы гналі.

З церніц іскрамі кастрыца

дол марозны запаляла.

Кудлы сцёбалі трапашкай,

грэбень іх расчэсваў дбала…

Уявіць нат сёння цяжка

колькі працы каштавала

кожная ручайка лёну!

Рук і сэрцаў цеплыню

ўвабрала. Мо, да скону

раны гэтай глыбіню

не пакіне боль, пакута –

размянялі, бы выгоду,

на блакіт льняной валюты!

А прыдбалі толькі шкоду!

Мацаваць каб нацыю,

паглыбляць патрэбна мель –

спецыялізацыю!

Груба, можа, але ў цэль!

Спрытна што спрадвеку свой –

сей, садзі нат паляпшай!

Ні хвіліначкі не стой –

першынство заўжды трымай.

Не бяжы заўжды шалёна.

Лепш разважна паспяшай,

каб не сталася, як з лёнам, –

зарапсеў блакітны край!

Той алей – ядкі, духмяны,

што падсмачваў працадзень,

сёння мне такі жаданы…

Нешта ёсць – былога цень…

Не заробак дзённы – здзек:

грошы зрэдзь, ды грамы хлеба…

Нік вясковы чалавек:

у зямлі не чуў патрэбы.

Звыш каб зычылі выгоду,

лепшай, мо, жадалі долі,

тры гектары назаўсёды

ў агульным меў бы полі…

(гаспадарыў зноў калгасам.)

Перадаў бы й нашчадку

не капусту толькі з квасам,

а зямельку: мо, не градку?!

***

Мкне эстрада ў народ:

песні продкаў паскажалі.

Ад Быкоўскіх гэты звод –

скарб духоўны нішчыць сталі!

VI.

Хай Выгодцы мне даруюць,

што не ўсіх цяпер згадаю,

(Многія і не пачуюць…)

ды такі – распавядаю:

каб не чуцца вінаватым,

каб уняць душы трывогу

за пакінутыя хаты,

за ў нябыт, у змрок дарогу

Не! Зроўню смутку шлях –

колькі сілы, моцы стане!

Рухне, мо, апошні дах,

а Выгодзец з ім не кане!

Спадзяюся на радкі,

што аб земляках пакіну…

Шлях няроўны й цяжкі

пільна зноў і зноў акіну…

Наперш мужыка з канём

вылучаюць успаміны.

Тым няблізкім сведчу днём –

іх саюз такі адзіны!

Конік быў замацаваны

за калгаснікам тады:

рыжы, чорны, ці буланы –

друг адданы на гады.

У канюшні меў прыстанак,

збруяй ведаў ездавы.

На работу клікаў ранак…

Толькі ноччу – да травы…

За вясковую прыкмету

мець такое не ахвота:

часам конь “чытаў газету”

у абед ля сябра плота…

Іваноўскі Ян заўсёды

дасць дружаку пачастунак:

сена жмак, караняплоды,

нават выпадзе ласунак.

Конь затое цягавіты,

хуткі на капыт, рахманы.

Ян да працы прагавіты,

вельмі нават паслухмяны.

Норму буракоў кабета

прыцемкам ужо канчая:

Янік, забяры, не лета –

змерзнуць. Злодзей скарыстае”.

Ян прыедзе, нат падсобіць

пагрузіць цяжкі здабытак.

Шмат дабра вяскоўцам зробіць –

будзе доўга не забыты!

Не хацеў нікога ганіць,

толькі змоўчаць, мо, паганы?

Хай бянтэжыцца, хто маніць.

Праўда, можа, не заганы?!

Конь “начытаны” нат вельмі

Ў Валодзькі рыжы быў.

Варухнуцца лішне, шэльма.

Дужа гэтага не любіў:

Касавурыўся, чакаў

пакуль возчык не кіпеў

і пад хвост ажно таркаў…

Ды падставу лежань меў:

нават і не сніў падкорму,

хоць штыкецінай давіся!

На харчунак – поту норму

выдаваў – і адчапіся.

А Валодзька віражы

выгінаў мудрэй артыста:

і “алюр”, і “тры крыжы”, –

быццам быў кавалерыстам.

(Падабенства крыху меў:

ногі-клюшкі – раскірака…)

Выхваляўся, аж шалеў:

пырскаў, сыпаў дробным макам…

Іваноўскага сусед,

а такая працілегласць.

За касою – вузкі след

меціў на разлегласць…

Гэй! Вясковая суполка,

лепшых возчыкаў згадай!

Два Міхаські, мо, з пасёлка,

Смоліча яшчэ дадай…

Ім падстаць Вярбіцкі, Крэпскі…

Сена воз уміг складуць!

Кожны ж гаспадар някепскі –

скосяць рупна і звязуць…

***

Часта ў памяці абоз

выплывае з далягляду…

На балоты шлях мароз

вымасціў; і людзі рады

сена выхапіць, паброст –

з вольхі і бярозы дровы…

Сані слізгаюць праз мост,

што між Орлікам, Дубровай…

Пара з коней, вазакоў,

з пахам поту, тытуню,

подыхам сівых вякоў

мкне паціху ў вышыню…

***

Без такіх жыццё завяне –

сэнс яго ці ёсць тады?

Меў прафесара ён званне

між вясковай грамады.

Тараповіч то Міхась –

кемны, сціплы эрудыт.

Добрую параду дасць,

уладкуе дбайна быт:

столяр, цесля і прараб…

Лекар – пашукаць такога!

Не хвароба, можа, каб,

іншаю была б дарога…

Невылечнай немач гэту

ўрачы прызналі ўкруг.

Гаманілі, па сакрэту,

што жыцця замкнецца круг.

Пачарнеў Міхась ад скрухі:

сорак толькі – сама жыць…

Эскулапаў не паслухаў –

сам сябе пачаў лячыць.

З траў гаючых, што збіраў,

рыхтаваў настоі, піў…

Пчолак хуценька прыдбаў –

іх прадукт здаўна жывіў.

Акрыяў Міхась праз год.

І яшчэ пражыў, мо, сорак…

Брыгадзірам стаў. Народ

паважаў: не нюхаў корак,

справядліва справу вёў…

Ды камусь не дагадзіў –

хату з хлевам, злыдзень, звёў:

ночкай цёмнай падпаліў.

Дом цагляны талакой

дапамог калгас узвесці.

Больш зрабіў сваёй рукой,

каб да ладу ўсё давесці.

Печ на дзіва змайстраваў –

ходаў шмат укруг чарэна.

Дым падоўгу вандраваў –

Чуўся дух ці не з палена.

Люд лячыў Міхась, пчалярыў…

Толькі гэты свет пакінуў:

за пяцьсот якіх даляраў

жонка прадала хаціну –

Надзя ў горад да дачкі

старасць бавіць падалася.

Каб жа ведаць лёс такі,

можа б дома засталася?!

То ж дачка памерла, следам

сын яе загінуў. Зяць?

Той нямала гора зведаў –

перспектывы не відаць…

Міхасёў сярод Выгодцаў

больш за ўсіх было імён.

Камароўскі – з тых жа хлопцаў.

Брыгадзірыў доўга ён.

Выплывае часта з далі

праз плячо з “казою” ён:

нетаропка на педалі

націскае паўз загон.

Ночка толькі цэдзіць ранак:

людзі ледзь прагналі стому,

а Міхась – ужо на ганак:

Ганна, падулбаць салому.”

Памяняй, Міхась, нарад –

Ддй хоць крыху зарабіць!”

Перайначыць, можа, і рад,

толькі нечым дагадзіць.

Моўчкі носам павядзе

(не любіў ён угавораў.)

і далей сабе ідзе…

То ж начальніцкі быў нораў.

Трох сыноў са Стэфкай меў

працавіых, да наўздзіў:

хата, печ, гарод і хлеў –

іхні клопат пільны быў.

А яшчэ Міхаська слыў

са Шпілеўскіх хлопец – зух.

Гарадскую аджаніў

ён у жонкі. Дзеўка – ух!

Таня зграбная – прываба.

Слоўцы сыпле надта шпарка.

(Не вясковая то баба.)

Стаць жа мусіла даяркай…

Захавай жа іх папера

(шэраг хутка парадзее.):

Сокал, Засімовіч Вера,

Іваноўская Надзея…

Малаком народ кармілі.

Цяжка той даваўся плён –

уручную шмат даілі…

Ім зямны заўжды паклон!

VII.

Помны дужа эпізод:

мітынг у падтрымку Кубы.

Стол на вуліцы. Народ…

Не дапусцім гвалту, згубы!” –

дэпутат Саўковіч кажа,

а ўслед актыў мясцовы

ледзь агрэсараў не вяжа…

Зразумела, што на словах…

Адурэла так улада –

загулялася з агнём!

Пысе даць не можа рады:

Кубе дружна падмагнём!”

Хіба абаронім Кубу?

(Сэнс які нахабна лезці?!)

Так сабе наклічам згубу,

калі атам будзем несці…

Іншае было на мэце:

(Ачумелы быў настой)

камунізм на ўсей планеце,

нат такою вось цаной!

З смехам спамінаю гэта –

дурнянаты бралі верх.

Вірус” – цэльная ракета:

плод разбешчаных уцех!

Ля настаўніцкае хаты

іх жытло было – нарой:

нізкі зруб, падслепаваты,

аа вакон, мо, пад зямлёй.

Ледзь газніца ўначы

беднасць тую асвяціла.

Там забыўся ж цячы.

Гэта іх не хвалявала –

Беразоўскіх бабылёў.

Бацька – ветлы і ахайны,

лад жыцця набожны вёў.

Сын Міхась – лайдак звычайны,

бы ў ватоўцы нарадзіўся:

не скідаў яе ніколі.

Летам пот з яго не ліўся,

бо не грэўся да мазоля.

Зімкай не калеў – здаровы,

(Пад ватоўкай жа – нічога!),

быццам той каржак смаловы.

Выключэнняў розных многа…

Вось яшчэ адзін выключны

прадстаўнік вясковай браці.

Недагледжаны, ды гучны –

мог на дудцы добра граці.

Ён – Міхалка: пасціў статак –

за кароўкамі глядзеў.

І другі знайшоў занятак:

дудкі майстраваў – дудзеў!

Дар прыродны весяліў,

а яшчэ складаў прыпеўкі:

больш начальнікаў хваліў,

каб заўважылі, не дзеўкі…

Жонка Зося нат не дбала

аб Міхалку. Ён прывык…

Але ж так грыбы збірала –

сам ускокваў баравік

быццам бы ў вялікі кош.

Не інакш – грыбы садзіла

перш, чым брала ў рукі нож.

Выключэнне – гэта сіла!

Мо не надта сціплы штрых,

а карціць усё ж пазначыць,

бо з дзяцінства гэты міг:

нельга слушна патлумачыць…

Коней шмат тады было.

Сам Сякерыч – ветурач

множыць падсабляў цягло:

нечага гуляць, лайдачыць…

Браў з нарада малайцоў,

(Абяцаў мужчынскай моцы)

пакладаць каб жарабцоў

да кабыл наўздзіў ахвочых.

Тых юрліўцаў – у загон…

І трыножылі – да цела

Збоку ўжо гарэў агонь;

і вада ў вядры кіпела

Боўталі паклады ў вар…

Пад гарэлку дружна елі.

Вы такі займелі дар! –

вочы лекара гарэлі…

***

Кут мой чуў, бо вушы меў,

не якіясь гукі-зыкі

духавы аркестр грымеў!

То мясцовыя музыкі

выдзьмувалі чотка ноты –

люд здзіўлялі дзьмухачы!

Быў маэстра без работы

(Ад сябе не ўцячы) –

адусюль гарэлка гнала…

У вясковы брыў прыстанак,

зарабіць каб хлеба, сала..,

і забыць пахмельны ранак.

Многіх вёска ратавала:

прытуліла і маэстра.

Пастараўся ён нямала

дзеля трубнага аркестра…

Вельмі здольны мой народ:

скеміў ноты – чвэрць, палова…

Творчы панаваў узлёт:

быццам зажылі занова!

Сокал і Яшманскі гралі,

Засімовіч з Базылём…

Міхасі ж пераважалі…

Па чарзе гудзеў іх дом…

Гукаў менела бязладзе:

ясніў іх часцей матыў.

Вось аднойчы ў заградзе,

коні дзе гулялі, быў

рух заўважаны – музыкі

дол раўнялі, лаўкі ў кола

ставілі. А для прыліку

сам маэстра хлопцаў школіў…

Аж назаўтра ў вёсцы фэст!

Духавы аркестр зіхціць!

На майстэрства першы тэст

зараз людна прагучыць.

Загула шчымліва медзь

урачыстым, светлым тонам…

Немагчыма ўсядзець…

Не стрымеш нават сконам…

Маладзей кабеты сталі,

Дзеўкі разам расцвілі…

Танцы мігам аб’ядналі

тых, што ў лаянцы былі.

Кракавяк”, “Кадрыль”, “Полька”…

Калі хочаш быць смялей, –

побач, хлопча, манаполька:

жыць някепска весялей!

VIII.

Як замнога ўкола свінства.

(Віск і рохканне аж млосцяць)

Адплываю я ў дзяцінства

да сяброў былых у госці…

Там я хоць і свінапас,

ды душою ўрачысты…

Свінства не паганіць нас,

бо душою кожны чысты.

Жыў пад саменькі лясок

(Пад хваінаю хаціна)

Кандраценя Міхасёк –

(Лес той зваўся Падхваінай)

сябар лепшы мой тады.

Парсюкоў і свінаматак

пасвілі. Мо гэта паўбяды,

каб яшчэ – не парасятак…

Парасяты – божы дар:

на прыродзе падрасталі…

Везлі потым на базар –

грошы добрыя давалі.

Нам абноўкі выпадалі

для сямейкі – сёе-тое…

Мы нямала падсаблялі:

волны выпас – дармавое!

Бліндажы, акопы рылі…

(Не зусім, як на вайне…)

Хлопцы ворагаў грамілі!

Усміхаўся лес вясне.

Пасялкоўцы наступалі…

(Іх атрад паболей быў).

Толькі ўсе “ура!” крычалі –

кожны “ворага разбіў!”

Пра ласункі самі дбалі.

Драць лазовую кару

свінапасы паспявалі.

Як падсохне, у пару,

да Антося на пасад

неслі. Тут жа медзякі

за сітро і мармелад

аддавалі хлапчукі.

Нас футбол тады яднаў,

як і ў большасці народ:

хто глядзеў, а хто гуляў…

Яшына, Пеле… узлёт

захапляў. Ля Выжара –

наша поле, лес наўкол…

Зрэдзь па тэлевізару

мы маглі глядзець футбол:

тых экранаў толькі два

на Выгоду – мільгаценне…

Ды шчаслівае дзятва

праз імжу піла натхненне…

Да цямна маглі гуляць…

Босы хто, а хто і ў ботах, –

два Міколы і Аркадзь,

Ваня… Я ж быў на варотах

Надта ж кедамі фарсіў…

Ціснуць, плакаць хочацца,

але маці ўпрасіў

іх купіць – растопчуцца…

Небагаты клуб з самана:

шафа кніг і даміно…

Хоць нічога, кром экрана, –

падавай адно кіно!

Мы Каленчыца Івана

стрэць жадалі кожны дзень:

наш вясковы маг экрана.

Рассяваў маркоты цень

промень з кінабудкі ўраз!

Застракоча апарат –

страчвае аблічча час:

мкне вайна яго назад…

Доўга потым па начах

думкі лётаюць і мроі,

дзе вайны блукае жах,

і ратуюць свет героі…

Граў аркестр адно на святах

значных. Пад гармонік позна

хлопцы танчылі, дзяўчаты…

А вакол на лаўцы грозна

ўсіх кабеты азіралі…

***

Захапляліся адной…

(Тайна хлопцы ўздыхалі).

Гнуткі стан я з касой

пругкай, грэчэскія рысы

твару, плаўны ўзлёт рукі –

лепей не было Ларысы!

То ж – настаўнікаў дачкі.

IX.

Дзед мой – Канцавы Адамка.

Вечар – прозвішча насіў.

Крайняя ад лесу клямка –

скраю вёскі, значыць, жыў.

Так было даўно – спачатку…

Потым – шэсць яшчэ хацін

абабеглі яго хатку,

ды на левы бок адзін,

як выходзіш за вароты.

Правы – выган, лес, лужок…

Канцавым застаўся. Боты

дзеда асаджалі крок

часцяком ля лаўкі. Тут –

збоч бярозы метр які –

многім адхіляў маршрут

дзед, не надта гаваркі,

ды цікаўны, збайны слухаць.

Мог падтакнуць упапад…

Годзе, чалавеча, чухаць…

Адпачні… Вось самасад…” –

прыпыніць рабіў дзед спробу.

Апасля ён не дыміў:

Катар растрасаў вантробы…”

Пагарэзнічаць любіў…

У абед на пашы летам

пастухі рагуль трымалі.

Падаіць ішлі кабеты…

Дзеда быццам падмянялі:

цікаваў стары з закутка

за суседкай Фросяй. Ціха

ў даёнку кідаў грудку…

Фрося не чакала ліха:

дзед лагодна ўсміхаўся,

штось прыемнае казаў…

Ён са мной на роўных знаўся

і патрэбы паважаў…

На кіно даваў заўсёды –

шчоўкне звычна пулярэс,

быццам пульт, – і прэч нагоды:

мчыць у мару кроз-экспрэс!

Часта мовіў дзед “бывала”,

знаць пражытым даражыў.

Не такой была навала,

як ягоны дзед служыў:

На вайну ішлі бывала

доўга. Каб сабраць абоз,

трэба часу, брат, нямала.

Бралі горшыя з калёс.

Хітравалі хлопцы – ясна:

ехалі куды – вядома…

Ці атоса, кола лясне…

Там – вайне канец: дадому!

Так даўней, унук, бывала..”

Дзед калгасаў не любіў,

бо ўлада слаба дбала,

каб вясковец добра жыў.

Ашукаў нас Ленін, хвацка:

абяцаў зямлю сялянам…

У ярмо, каб не знянацку, –

падкарміў спачатку змалам…”

Я не мог ніяк уцяміць

горкі сэнс разваг старога.

Каб сялян зямлі пазбавіць,

аддалі яе – замнога,

ды ўяўна і агулам…

Навучыў араць, касіць…

Быў па свойму нават чулым.

Каб унуку падсабіць,

як калоў той дровы скажа:

Моц якую ў плячы

маеш! Той жа – як належа –

трапіў, знаць, у сілачы!

Як цяпер калю я дровы:

пастарэў, каб падучыць,

згадваю дзядулі словы –

стоме зноў не адалець!

__________ *** __________

Я не ўладны чыноўнік высокі,

не круты, пры грашах, бізнесмен, –

што абновяць багаццем вытокі,

толькі сутнасць пакінуць без змен.

Мая памяць – жывая вада:

акраплю я ўспамінам вытокі –

і людская, бы ўскрэсне бяда,

у нябыт запаволіць каб крокі

маёй вёскі, маіх землякоў…

Калі нават і счэзне куток,

ператворацца хвалі радкоў

у засмучаны лёсам выток…

Як нядобрасць пакіне істоту,

то павінна застацца ў ёй нешта…

І, магчыма, нагоніць самоту

невялікая, мо, чалавечнасці рэшта?!

У вяскоўцаў паболей дабросці…

(Бо не ўкралі прагрэсу выгоды…)

Спадзяюся – ад іх маю штосьці,

бо спароджаны людам Выгоды!

________ *** _______