Леанід Вікенцьевіч Лойка нарадзіўся 1 сакавіка 1944 года ў вёсцы Сакаўка Смалявіцкага раёна.
У 1970 годзе Л. Лойка скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт. Тут у 1974 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, працаваў выкладчыкам і дацэнтам, намеснікам дэкана гістарычнага факультэта.
У 1981 годзе Л. Лойка быў накіраваны на працу ў Польшчу. Працаваў дырэктарам Дома савецкай навукі і культуры ў Варшаве, дарадцам пасольства СССР у Польскай Народнай Рэспубліцы.
Вярнуўшыся на радзіму, Л. Лойка ў якасці дацэнта, а потым прафесара выкладаў у Мінскай вышэйшай партыйнай школе (з 1990 года Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання). З 1991 працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце на кафедры міжнародных адносін, а з 1996 года загадваў кафедрай дыпламатычнай і консульскай службы. З 1993 года ён быў адначасова галоўным рэдактарам зачыненага ўладамі часопіса “Беларуская мінуўшчына”.
У гады перабудовы Л. Лойка ўвайшоў у лік тых партыйных інтэлігентаў, якія спрабавалі давесці да кіраўніцтва КПБ думку аб неабходнасці рэфармавання партыі. Пасля жнівеньскага путчу 1991 года Л. Лойка і яго аднадумцы заснавалі Партыю народнай згоды, устаноўчы з’езд якой адбыўся 14 красавіка 1992 года. Паступова левае крыло ПНЗ узяло курс на аб’яднанне з Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамадой (заснавана 2 сакавіка 1991 г.). Л. Лойка быў адным з ініцыятараў стварэння ў Беларусі Сацыял-дэмакратычнага саюзу (1995 год), у які ўвайшлі БСДГ, ПНЗ і Партыя ўсебеларускага адзінства і згоды. Калі ў 29 чэрвеня 1996 г. БСДГ і ПНЗ аб’ядналіся, Л. Лойка ўвайшоў у Цэнтральны Камітэт і Выканаўчае Бюро Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народнай Грамады), узначаліў Праграмную камісію БСДП.
Выкладчыцкую і актыўную грамадска-палітычную дзейнасць Л. Лойка спалучаў з даследчыцкай і навукова-арганізацыйнай працай. Сферай яго навуковых зацікаўленняў былі грамадска-палітычныя працэсы ў Польшчы.
Гэтым працэсам ён прысвяціў тры манаграфіі: “Испытание властью: уроки и
выводы из деятельности ПОРП» (1991), «Политическая борьба в Польше (70–80 гг.), якая ўбачыла свет у 1995 г., і “Новая социал-демократия: трансформация левой партии в Польше» (2001).
Пры ўдзеле Л. Лойкі і пад яго рэдакцыяй былі падрыхтаваныя навучальныя дапаможнікі па гісторыі Беларусі, а таксама консульскай і дыпламатычнай службе.
Імя Леаніда Вікенцьевіча Лойкі – педагога, даследчыка, арганізатара навукі, палітычнага дзеяча – назаўсёды застанецца ў памяці тых, хто ведаў яго і працаваў з
ім поплеч.
Бібліяграфія:
- Лойко Леонид Викентьевич // Республика Беларусь: энциклопедия: в 6 т. Т. 4 / редкол.: Г.П. Пашов и др. – Минск: БелЭн, 2007. – С. 540.
- http://naviny.by/rubrics/society/2007/10/23/ic_news_116_279159/