СЕМЯЖОН (СЯМЯЖОН) ЯЗЭП

СЕМЯЖОН (СЯМЯЖОН) ЯЗЭП

   (3(16).11.1914 – 16.08.1990)

(сапр. Семяжонаў Іосіф Ігнатавіч). Нарадзіўся ў в. Пятровічы Ігуменскага павета Мінскай губерніі (цяпер Смалявіцкі раён Мінскай вобласці) ў сям’і лесніка. Перакладчык, крытык, празаік, паэт. Член СП Беларусі з 1954 г. заслужаны работнік культуры Беларусі (1989), Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы (1982, за пераклад паэмы М. Гусоўскага «Песня пра зубра»).

Пасля заканчэння Смілавіцкай сярэдняй школы (1930) працаваў рахункаводам у калгасе «Перамога» (в. Пятровічы), вучыўся на драматургічных курсах у Мінску (1931–1932), быў акцёрам Беларускага дзяржаўнага драмтэатра (БДТ-3, 1932–1934). У 1934–1938 гг. Я. Семяжон студэнт факультэта замежных моў Мінскага педінстытута. Служыў у Чырвонай арміі: курсант афіцэрскай школы ў Маскве, затым камандзір узвода разведвальнага палка (1938–1940). Удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь, а таксама ў баях на фінскім фронце, дзе быў паранены. З канца 1940 да сакавіка 1942 г. служыў у Чырвонай арміі, удзельнічаў у баях на Заходнім фронце. У 1942–1945 ваенны перакладчык на 3-м Беларускім фронце, у 1945–1950 працаваў перакладчыкам, рэферэнтам разведаддзела штаба БВА (1950–1953). З 1953 г. старшы выкладчык замежных моў у Мінскім сувораўскім вучылішчы, у 1961–1975 гг. старшы выкладчык, в. а. дацэнта БДУ. Быў членам Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, членам Беларускага рэспубліканскага  камітэта «За вяртанне на Радзіму». Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Першы верш Я. Семяжона быў надрукаваны ў 1931 г. у часопісе «Беларуская работніца і сялянка» (публікацыя не выяўлена). Першыя яго пераклады з’явіліся ў друку ў 1938 г. Рэгулярна публікаваўся з 1955 г. перакладаў творы класікаў і сучасных пісьменнікаў Англіі, ЗША, Францыі, Італіі (У. Шэкспір, Дж. Байран, Р. Бёрнс, У. Блейк, У. Уітмен, М. Твен, П. Беранжэ, Э. Пацье, А. Рэмбо, Дантэ Аліг’еры, Дж. Радары). Я. Семяжону належаць пераклады з нямецкай (Г. Гейнэ, Б. Брэхт) і індыйскай (Р. Тагор, Валатхола, Чатападхайя) моў. Шмат перакладаў з польскай (А. Міцкевіч, Ю. Славацкі, Ю. Тувім, Я. Івашкевіч), венгерскай (Ш. Пёцефі), румынскай (Дж. Кэлінэску, З. Станку), чэшскай і славацкай (В. Завада, В. Міхалік) моў. Зробленыя ім пераклады твораў У. Шэкспіра, Р. Бёрнса, Дж. Радары, М. Гусоўскага і іншых сталі  вялікай падзеяй у літаратурным жыцці Беларусі, атрымалі высокую ацэнка крытыкі. Як перакладчык уважліва ставіўся да вобразна-эмацыянальнага ладу арыгінала. Выступаў з артыкуламі па пытаннях мастацкага перакладу. Адрэдгааваў асобныя выданні твораў зарубежнай мастацкай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову. У Рэспубліканскім тэатры юнага гледача ставілася ў яго перакладзе п’еса У. Шэкспіра «Дванаццатая ноч». Пахаваны на Паўночных могілках.